2016-12-23 08:31:00

Новыя святыя і благаслаўлёныя з’явяцца ў Касцёле


21 снежня 2016 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынала Анджэла Амата і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні цуду, мучаніцкай смерці і гераічнасці цнотаў. У агульнай колькасці дакументы тычацца 116 чалавек.

Гаворка ідзе аб прызнанні цудаў здзейсненых праз заступніцтва іспанскага законніка з Ордэну піяраў бл. Фаўстына Мігеса Гансалеса і італьянскай законніцы Слугі Божай Леапальдзіны Нэўдэт, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр ад Святой Сям’і.

Дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва тычацца ахвяр грамадзянскай вайны ў Іспаніі, забітых з нянавісці да веры. Гэта: айцец Матэа Касальс і яго 108 паплечнікаў з Кангрэгацыі Місіянераў Сыноў Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.

Францішак таксама ўхваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў пяці Слугаў Божых: французскага дыяцэзіяльнага святара Жана-Батыста Фукэ, італьянскага законніка-пасіяніста Ларэнца ад Святога Духа, іспанскай законніцы Марыі Рафаэлы ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса, заснавальніцы Кангрэгацыі Місіянерак Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі, італьянскай законніцы Клеліі Марлоні, заснавальніцы Інстытута Апосталак Найсвяцейшага Сэрца Езуса, і свецкага верніка з Аргентыны Ісідора Дзарзана Ледэсма, члена “Opus Dei”.








All the contents on this site are copyrighted ©.