2016-12-23 11:09:00

Кіраўнік папскай дыпламатыі: выкараніць прычыны тэрарызма


Неабходна сур’ёзна працаваць, каб выкараніць прычыны тэрарызма, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, каментуючы нядаўнія трагічныя падзеі ў Берліне і Анкары. Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца адказаў на пытанні журналістаў 22 снежня 2016 г. на заканчэнне цырымоніі адкрыцця рымскага цэнтра дапамогі жанчынам, якія сталі ахвярамі насілля. 

“Канешне, мы вельмі засмучаныя тым, што здарылася. Яшчэ раз Апостальская Сталіца асуджае гэты від насілля, які ўдарае па нявінных і становіцца яшчэ больш жахлівым у гэтыя святочныя і радасныя дні Божага Нараджэння”, - сказаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. Ён заклікаў змагацца з тэрарызмам усімі законнымі спосабамі і ў той жа час сур’ёзна працаваць для выкаранення прычын, якія стаяць ля вытокаў гэтага феномену.

Кардынал Дзяржсакратар таксама пракаментаваў зварот папы Францішка да Рымскай курыі, скіраваны 22 снежня 2016 г. падчас сустрэчы з нагоды набліжэння ўрачыстасці Божага Нараджэння.

Ён заўважыў, што Пантыфік зрабіў моцны акцэнт на важнасці духоўнага навяртання для паспяховага правядзення рэформы ватыканскіх структур. Папа “шматразова паўтараў гэту ідэю аб навяртанні; таксама і структурныя рэформы мала дапамогуць, калі за імі не будзе сапраўднай перамены сэрца кожнага. Я думаю, што гэта пасланне, якое трэба прыняць перад абліччам сітуацый, якія існуюць у Касцёле і якія часам могуць крыху збянтэжыць: гэта зварот да нас, якія жывем і складаем частку гэтай рэальнасці, каб прынялі заклік да навяртання, змены ўласнага сэрца. Гэта вечнае пасланне Езуса”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Францішка. 








All the contents on this site are copyrighted ©.