2016-12-22 11:42:00

Святы Пасад у ААН: людзі не могуць прадавацца як аб'екты


“Людзі добрай волі, незалежна ад сваіх рэлігійных перакананняў, не могуць дазволіць, каб жанчыны, дзеці і мужчыны прадаваліся як аб’екты”, - падкрэсліў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку. Арцыбіскуп Аўса прыняў удзел у адкрытых дэбатах аб гандлі людзьмі ва ўмовах узброеных канфліктаў, якія прайшлі 20 снежня 2016 г. у Савеце Бяспекі ААН. 

“Гандль людзьмі – гэта ганебная з’ява”, - сказаў ён і заклікаў, каб закон усёй сваёй сілай удараў па вінаватых у гэтым злачынстве. Гандль людзьмі з’яўляецца міжнароднай праблемай і таму яе вырашэнне патрабуе супрацоўніцтва паміж рознымі арганізацыямі Аб’яднаных Нацый, рэгіянальнымі і мясцовымі ўладамі, а таксама працы грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, заўважыў арцыбіскуп Аўса.

Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што ўсе людзі створаны роўнымі і павінны мець аднолькавую свабоду і годнасць. Ён нагадаў словы папы Францішка аб тым, што сучаснае рабства ў форме гандлю жывым таварам, прымусовай працы, прастытуцыі ці гандлю чалавечымі органамі – гэта злачынства супраць чалавечнасці.

Сярод прычын гэтага феномену дыпламат назваў беднасць, нізкі ўзровень развіцця, сацыяльную ізаляцыю, беспрацоўе. Але галоўны фактар, які садзейнічае распаўсюджванню гандлю людзьмі – гэта войны. Яны становяцца прычынай з’яўлення мільёнаў бежанцаў, якія з'яўляюцца лёгкімі ахвярамі гандляроў людзьмі. 

Святы Пасад настойліва заклікае Савет Бяспекі ААН да барацьбы з гэтай з’явай, перш за ўсё, праз прадухіленне і спыненне ўзброенных канфліктаў, падкрэсліў ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.