2016-12-21 13:40:00

Францішак: з Хрыстом надзея ўвайшла ў свет


Божае Нараджэнне стане па-сапраўднаму цудоўным святам, калі прымем Езуса – зерне надзеі, якое Бог сее ў разорах нашай асабістай і супольнай гісторыі, падкрэсліў Святы Айцец 21 снежня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Сваю катэхезу Францішак прысвяціў надзеі, якая прыйла ў свет з уцелаўленнем Езуса Хрыста.  

“Ён прыходзіць на свет і дае нам сілу, каб крочыць разам з Ім. Бог пілігрымуе з намі ў Езусе. Магчымасць ісці разам з Ім да паўнаты жыцця дае сілы, каб быць па новаму прысутнымі у сучаснасці, хоць яна і цяжкая. Для хрысціяніна спадзявацца значыць быць упэўненым ў тым, што ён разам з Хрыстом крочыць да Нябеснага Айца, які чакае. Надзея ніколі не стаіць на месцы. Надзея заўсёды ў дарозе і падштурхоўвае нас пілігрымаваць”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, важна мець адкрытае на надзею сэрца, каб крочыць з Езусам нягледзячы на штодзённыя цяжкасці. “Святы Павел абагульняе ўсё гэта словамі: “Мы збаўленыя праз надзею” (Рым 8,24). Гэта значыць, што пілігрымуючы з надзеяй мы збаўленыя. І тут кожны з нас можа спытаць у сябе: я пілігрымую з надзеяй ці маё духоўнае жыццё стаіць на месцы, з’яўляецца закрытым? Маё сэрца – гэта закрытая шуфляда ці адкрытая на надзею, якая падштурхоўвае крочыць не самому, а з Езусам?”, - спытаў вернікаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што надзея ззяе таксама з прастаты ясляў Божага Нараджэння. Ён нагадаў, што Езус прыйшоў на свет у Бэтлееме – горадзе, які хоць і не быў сталіцай, але быў выбраны Богам, якому падабаецца дзейнічаць праз малых і пакорных. “У гэтым месцы нарадзіўся доўгачаканы “Сын Давіда”, Езус, у асобе якога сустракаюцца надзея Бога і надзея чалавека”, - падкрэсліў Францішак.

Папа адзначыў, што надзею нясуць таксама і постаці, якія былі ўключаны ў таямніцу Божага Нараджэння. Панна Марыя сваім “так” адкрыла Богу дзверы ў наш свет. Св. Юзаф паверыў словам анёла і сузіраў Езуса, у якім заключана надзея для кожнага чалавека. 

Пастухі – гэта пакорныя і бедныя людзі, якія чакалі Месію і ўбачылі ў нованароджаным Хрысце спаўненне абяцанняў і надзею на тое, што Божае збаўленне можа дасягнуць кожнага з іх. Іх надзея была не такой, як у тых, хто давярае ўласным бяспекам, заўважыў Святы Айцец.

“Хто пакладае надзею на ўласныя бяспекі, асабліва матэрыяльныя, не чакае Божага збаўлення. Добра запомнім гэта: нашы бяспекі не прынясуць нам збаўлення. Адзіная бяспека, якая нас збаўляе – гэта надзея на Бога. Ён збаўляе нас таму што моцны і дапамагае пілігрымаваць па жыцці з радасцю, з жаданнем рабіць дабро, з жаданнем стаць шчаслівымі ў вечнасці. Малыя, пастухі, пакладалі надзею на Бога, спадзяваліся на Яго і радаваліся, калі распазналі ў гэтым Дзіцятку знак, указаны анёламі”, - сказаў Папа.

Па словах Францішак надзея таксама ззяе са спеву хора анёлаў: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2,14). Святы Айцец падкрэсліў, што “хрысціянская надзея выяўляецца ў праслаўленні і ўдзячнасці Богу, які даў пачатак свайму Валадарству любові, справядлівасці і міру”.

На заканчэнне катэхезы Папа заклікаў вернікаў сузіраць яслі Божага Нараджэння і прымаць Хрыста ў сваё жыццё. “Кожнае “так”, сказанае надыходзячаму Езусу будзе парасткам надзеі”, - сказаў Францішак і пажадаў прысутным на аўдыенцыі добрых і поўных надзеі святаў Божага Нараджэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.