2016-12-20 11:55:00

Іерусалімскі Патрыярхат: сітуацыя хрысціян – трагічная


Сітуацыя хрысціян у Сірыі, Іраку і Егіпце – гэта поўная трагедыя, адзначыў падчас сваёй першай прэс-канферэнцыі ў якасці Апостальскага адміністратара Лацінскага Патрыярхата Іерусаліма арцыбіскуп Пьербаціста Піцабала. Яго сустрэча з журналістамі прайшла 19 снежня 2016 г. у Іерусаліме.

На землях, “дзе зарадзілася наша цывілізацыя”, трываючае “заганнае кола насілля здаецца бясконцым”, заўважыў ён і дадаў, што гэта сітуацыя пазбаўляе людзей надзеі.

“Сірыя і Ірак цалкам разбураныя, але таксама і ў Святой Зямлі ўсё мацней гучыць рэха экстрэмізму і фундаменталізму, які ўмацоўваецца ва ўсім свеце”, - адзначыў пастыр Патрыярхату, у які ўваходзяць: Ізраіль, Іарданія, Кіпр і Палестына.

Паводле арцыбіскупа Піцабалы, сусветныя лідэры не маюць плану выйсця з трываючага крызісу. У вырашэнні ізраільска-палестынскага канфлікту трывае застой, бо не хапае гатоўнасці да дыялогу і дзейнасці на карысць справядлівага міру і бяспекі. “Наша будучыня здаецца туманнай”, але “можна бачыць некаторыя промні святла на гарызонце, у першую чаргу дзякуючы кіраўніцтву і пропаведзі папы Францішка”, сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Пьербаціста Піцабала быў прызначаны на пасаду Апостальскага адміністратара Лацінскага Патрыярхата Іерусаліма 24 чэрвеня 2016 г. Ён нарадзіўся ў 1965 г. на поўначы Італіі. Уступіў у Ордэн францішканаў, вучыўся ў Папскім універсітэце “Antonianum” у Рыме. У 1990 г. атрымаў святарскае пасвячэнне, пасля чаго працягнуў навучанне ў Святой Зямлі. У 1999 г. пачаў душпастырскае служэнне ў Кустодыі Святой Зямлі, а з 2004 па 2016 гг. быў яе настаяцелем.








All the contents on this site are copyrighted ©.