2016-12-20 14:58:00

Францішак моліцца за ахвяр тэракту ў Берліне


У сувязі з тэрактам у Берліне, здзейсненым увечары 19 снежня 2016 г. Святы Айцец выказаў словы спачування праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. 

Францішак даверыў Божай міласэрнасці ахвяр тэракту, запэўніў у сваёй лучнасці з сем’ямі загінулых і пажадаў хуткага выздараўлення параненым. Пантыфік таксама выказаў падзяку ўсім, хто прычыніўся да выратавання людзей. 

“Папа Францішак далучаецца да ўсіх людзей добрай волі, якія прыкладаюць намаганні, каб забойчае вар’яцтва тэрарызму больш не мела месца ў нашым свеце”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай на імя арцыбіскупа Берліна Хайнера Коха.

Трагедыя здарылася вечарам 19 снежня ў цэнтры нямецкай сталіцы, каля Мемарыяльнай царквы кайзера Вільгельма. Грузавік урэзаўся ў групу людзей на святочным кірмашы, прымеркаваным да Божага Нараджэння. Паводле апошніх дадзеных, загінулі 12 чалавек, амаль 48 знаходзяцца ў бальніцах, некаторыя з іх з сур'ёзнымі траўмамі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.