2016-12-18 14:03:00

Францішак: міласэрнасць – інвестыцыя ў вечнае жыццё


17 снежня 2016 г. у Ватыкане прайшоў дабрачынны канцэрт італьянскага выканаўцы і кампазітара Клаўдыё Бальёні. Падчас яго збіраліся сродкі на дапамогу педыятрычнай клініцы ў Бангі, сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, а таксама насельніцтву рэгіёна Вале-дэль-Тронта ў цэнтральнай Італіі, якое пацярпела ад нядаўняга землятрусу.

Канцэрт быў арганізаваны Ватыканскай жандармерыяй, якая такім чынам вырашыла адзначыць 200-годдзе свайго існавання. За кошт продажу ўваходных квіткоў атрымалася сабраць каля 500 тыс. еўра. У жыхароў Італіі існавала магчымасць ахвяраваць грошы праз смс-паведамленні. 

Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў музычнай падзеі з дапамогай відэапаслання. Ён заклікаў быць сапраўднымі будаўнікамі “культуры міласэрнасці”, якая прадугледжвае не толькі словы, але таксама канкрэтныя дзеянні на карысць іншых людзей.

“Часам мне кажуць: “Ойча, вы заўсёды распавядаеце пра бедных і міласэрнасць”. Так, я распавядаю, але гэта не хвароба. Гэта проста той спосаб, праз які аб’явіўся Бог”, - заўважыў Святы Айцец і нагадаў, што праз міласэрныя ўчынкі людзі інвестуюць не ў акцыі, а сваё шчаслівае жыццё ў Небе, у любові Нябеснага Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.