2016-12-18 12:40:00

Святы Айцец: прыняць Бога ў жыццё і давяраць Яму


Прымаючы Езуса і намагаючыся штодня следаваць за Ім, мы можам супрацоўнічаць у Яго задуме збаўлення адносна нас саміх і свету, падкрэсліў Святы Айцец 18 снежня 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі” у Ватыкане. Францішак заклікаў вернікаў шукаць Божую волю ў сваім жыцці і спаўняць яе з поўным даверам.

“Сённяшняя літургія, літургія чацьвёртай і апошняй нядзелі Адвэнту, характарызуецца тэмай блізкасці – блізкасці Бога да чалавецтва, – заўважыў Папа. – Евангельскі ўрывак (пар. Мц 1,18-24) паказвае нам дзве асобы, які больш за ўсіх іншых былі ўключаны ў гэту таямніцу любові: Панну Марыю і яе жаніха, Юзафа. Таямніцу любові і блізкасці Бога да чалавецтва.

Марыя прадстаўлена ў святле прароцтва, якое кажа: “Вось Дзева зачне і народзіць Сына” (Мц 1,23). Евангеліст Мацвей распазнае, што адбылося ў Марыі, якая зачала Езуса дзякуючы дзейнасці Святога Духа. Божы Сын “прыходзіць” у яе ўлонне, каб стаць чалавекам і яна прымае Яго. Так, выключным чынам, Бог наблізіўся да чалавечай істоты, прыняўшы цела ад жанчыны. Бог наблізіўся да нас і прыняў цела ад жанчыны.

Таксама да нас, іншым чынам, Бог набліжаецца са сваёй ласкай, каб увайсці ў наша жыццё і падарыць нам свайго Сына. А што робім мы? Ці прымаем Яго, ці дазваляем Яму наблізіцца або адмаўляем Яго, праганяем Яго прэч? Як Марыя, свабодна прадастаўляючы сябе Пану гісторыі, дазволіла Яму змяніць лёс чалавецтва, таксама і мы, прымаючы Езуса і намагаючыся штодня следаваць за Ім, можам супрацоўніваць у Яго задуме збаўлення адносна нас саміх і свету. Марыя прадстае перад намі ў якасці прыкладу, на які трэба глядзець і ў якасці падтрымкі, на якую трэба разлічваць у нашым пошуку Бога, у нашай адкрытасці на набліжэнне Бога да нас, у нашым удзеле ў будаванні цывілізацыі любові.

Іншая галоўная дзеючая асоба сённяшняга Евангелля – гэта св. Юзаф. Евангеліст паказвае, што ў адзіночку Юзаф не мог даць тлумачэння падзеям, спаўненне якіх бачыў перад сваімі вачыма, а менавіта цяжарнасці Марыі. Вось тады, у гэты момант сумніву, а таксама трывогі, Бог наблізіўся да яго праз свайго пасланца і прасвяціў яго адносна прыроды гэтага мацярынства: Дзіцятка, якое было зачата ў ёй, было ад Духа Святога. Так перад абліччам надзвычайнай падзеі, якая, канешне, выклікала мноства пытанняў у сэрцы, ён цалкам даверыўся Богу і следуючы Яго закліку, не пакінуў сваю заручаную, але ўзяў яе да сябе, ажаніўся з Марыяй. Прымаючы Марыю Юзаф свядома і з любоўю прымае Таго, хто быў у ёй зачаты дзякуючы цудоўнай дзейнасці Бога, для якога няма нічога немагчымага. Юзаф, чалавек пакорны і справядлівы (пар. Мц 1,19), вучыць нас заўсёды давяраць Богу, які набліжаецца. Калі Бог набліжаецца, мы павінны давяраць Яму. Юзаф вучыць нас з добраахвотнай паслухмянасцю дазваляць Яму весці нас.

Гэтыя дзве постаці – Марыя і Юзаф, – якія першымі прынялі Езуса праз веру, уводзяць нас у таямніцу ўрачыстасці Божага Нараджэння. Няхай Марыя дапаможа нам стаць адкрытымі, каб прыняць Божага Сына ў наша канкрэтнае жыццё, у наша цела. Няхай Юзаф падштурхне нас шукаць Божай волі і следаваць ёй з поўным даверам. Абодва дазволілі Богу наблізіцца да сябе.

“Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог” (Мц 1,23). Так казаў анёл: “Дзіця будзе названа Эммануэлем, што значыць “з намі Бог” або Бог блізкі да нас. Ці адчыняем мы дзверы Богу, калі Ён набліжаецца да нас, калі адчуваем унутранае натхненне, калі адчуваем, што Ён просіць нас зрабіць штосьці для іншых, калі кліча нас да малітвы? Гэта абвяшчэнне надзеі, якое спаўняецца падчас Божага Нараджэння, няхай вядзе да спаўнення чакання Бога таксама для кожнага з нас, для ўсяго Касцёла і для ўсіх малых, якімі пагарджае свет, але якіх любіць Бог і да якіх набліжаецца”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак нагадаў, што на наступным тыдні будзе адзначацца ўрачыстасць Божага Нараджэння. У сувязі з гэтым ён заклікаў вернікаў суцішыцца і ўявіць сябе Панну Марыю і св. Юзафа, якія знаходзяцца на шляху ў Бэтлеем: у цяжкасцях, трывогах, звязаных з пошукам жылля, але таксама з радасцю і ўзрушанасцю. “У гэтым нам вельмі дапамагаюць яслі. Паспрабуем увайсці ў сапраўднае Божае Нараджэнне, Божае Нараджэнне Езуса, каб атрымаць ласку гэтага свята, якая з’яўляецца ласкай любові, пакоры і пяшчоты”, - сказаў Папа і заклікаў памятаць пра яго ў малітве.








All the contents on this site are copyrighted ©.