2016-12-17 13:33:00

Святы Айцец: дзеці і старыя – будучыня народу


Даць грамадству важны прыклад клопату і пяшчоты, асабліва ў адносінах да дзяцей і старых, заклікаў Святы Айцец членаў каталіцкай супольнасці “Номадэльфія”, якіх прыняў 17 снежня 2016 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане. У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 330 чалавек. 

Супольнасць “Номадэльфія” складаецца з сем’яў і нежанатых свецкіх католікаў, якія пражываюць у 8 кіламетрах ад італьянскага гораду Грасэта і чэрпаючы натхненне з кнігі Дзеяў Апосталаў наследуюць прыклад першых хрысціянскіх супольнасцяў. Яны практыкуюць супольнае карыстанне дабротамі, супольны клопат пра дзяцей, няпоўнаспраўных і старых. Францішак заклікаў іх працягваць крочыць гэтым шляхам.

“Заахвочваю вас даваць грамадству гэты вельмі важны прыклад клопату і пяшчоты. Дзеці і старыя складаюць будучыню народаў: дзеці – таму што працягваюць гісторыю; а старыя – таму што перадаюць досвед і мудрасць свайго жыцця”, - сказаў Папа. 

Па словах Святога Айца, важным з’яўляецца прыклад заснавальніка “Номадэльфіі”, кс. Дзэна Сальціні, які нягледзячы на ўсе цяжкасці і неразуменні працягваў з даверам крочыць наперад, сеючы зерне Евангелля “нават у самай засохлай глебе” і пахіліўшыся над пакутамі самых слабых, стаў сапраўдным сведкам невычэрпнай любові.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа павіншаваў сваіх гасцей з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і нагадаў, што прыняўшы постаць дзіцяці, Бог вучыць, што “мы не павінны ўзвышацца над іншымі”, але пакліканы “прынізіцца і з любоўю служыць самым слабым”.








All the contents on this site are copyrighted ©.