2016-12-17 10:19:00

Пантыфік адзначае свой 80-ы Дзень нараджэння


Старасць прыходзіць незаўважна, але калі чалавек разумее яе, як этап жыцця прызначаны для таго, каб дарыць радасць, мудрасць, надзею, тады пачынае жыць нанова, адзначыў Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў раніцай 17 снежня 2016 г. у свой 80-ы Дзень нараджэння. Літургія прайшла ў Капэла Паоліна ватыканскага Апостальскага палацу. У ёй прынялі ўдзел кардыналы, якія пражываюць у Рыме.

У сваёй гаміліі Пантыфік адзначыў, што з набліжэннем урачыстасці Божага Нараджэння важна спыніцца, паглядзець навокал і занурыцца ў памяць. Важна азірнуцца назад і ўспомніць аб любові, аб мностве дароў, якія атрымалі ад Бога, аб людзях, якіх сустрэлі на жыццёвым шляху. Менавіта “гэтага хоча ад вернікаў Касцёл”, бо “памяць ўмацоўвае душу”, а таксама можа быць “спосабам малітвы, сустрэчы з Богам”, лічыць Папа. “Вось значэнне сённяшняга літургічнага дня: удзячная памяць. Прасіць аб гэтай ласцы: не забываць”, - дадаў ён. 

Францішак нагадаў, што гісторыя чалавека, гэта не толькі гісторыя ласкаў, але таксама і грахоў. “На шляху заўсёды сустракаем ласку і грэх. У гісторыі збаўлення ёсць вялікія грэшнікі, але ёсць і святыя. Таксама і мы ў сваім жыцці, бачым тое ж: моманты вялікай вернасці Пану, радасці служэння, а таксама дрэнныя хвіліны нявернасці, граху, якія дапамагаюць нам адчуць патрэбу ў збаўленні. І гэта наша бяспека, бо калі маем патрэбу ў збаўленні, вызнаем веру, здзейсняем вызнанне веры: “Я грэшнік, але Ты можаш збавіць мяне. Ты вядзеш мяне наперад”. І так крочым наперад з радаснай надзеяй”, - сказаў Пантыфік.
 
На заканчэнне св. Імшы Папа падзякаваў за віншаванні скіраваныя яму з нагоды юбілею. “На працягу апошніх дзён мне ў галаву прыходзіць слова, якое здаецца дрэнным: старасць. Яно нават палохае. Таксама і ўчора, мансеньёр Камільеры мне падарыў трактат “Аб старасці” Цыцэрона: яшчэ адна кропля. Я памятаю, як казаў вам 15 сакавіка, падчас нашай першай сустрэчы: “Старасць – сядзіба мудрасці”. Спадзяёмся, што так будзе і для мяне”, - з гумарам сказаў Францішак. 

Святы Айцец заўважыў, што старасць прыходзіць незаўважна, але калі чалавек разумее яе, як этап жыцця прызначаны для таго, каб дарыць радасць, мудрасць, надзею, тады пачынае жыць нанова. Ён папрасіў кардыналаў маліцца, каб яго жыццё было спакойным, рэлігійным, плённым, а таксама радасным.








All the contents on this site are copyrighted ©.