2016-12-16 16:24:00

Трэцяе адвэнтавае казанне прагучала ў Ватыкане


Пра патрэбу ў “цвярозым ап’яненні Духам” казаў падчас трэцяга адвэнтавага казання прапаведнік Папскага дома. Раніцай 16 снежня 2016 г. айцец Раньера Канталамеса звярнуўся са сваім разважаннем да Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі. 

Капуцын нагадаў, што пра “цвярозае ап’яненне Духам” казалі яшчэ Айцы Касцёла, супрацьпастаўляючы пры гэтым матэрыяльнае ап’яненне і духоўнае. “Аналогія заключаецца ў тым, што абодва віды ап’янення напаўняюць радасцю, дапамагаюць забыць пра турботы і выйсці за свае рамкі. Адметнасць заключаецца ў тым, што матэрыяльнае ап’яненне (ад алкаголю, наркотыкаў, сексу, поспеху) робіць няўстойлівымі і няўпэўненымі, а духоўнае – моцнымі ў дабры”, - сказаў ён.

Прапаведнік спаслаўся на ўрывак з Евангелля, у якім гаворыцца пра людзей, якія лічылі напоўненых Святым Духам апосталаў п’янымі. З аднаго боку яны мелі рацыю, але памыляліся ў тым, што звязвалі гэта ап’яненне са звычайным віном, у той час як гаворка ішла пра “новае віно”, выціснутае “з сапраўднага вінаграду”, якім з’яўляецца Хрыстус, заўважыў ён.

Айцец Канталамеса падкрэсліў, што шлях да “духоўнага ап’янення” вядзе праз “цвярозасць”: устрыманне ад цялесных рэчаў, свету і ўласных жаданняў, праз умярцвенне і пост, “калі душа вызваляецца ад натуральных звычак, каб падрыхтавацца да еднасці з Богам і Яго перадачы ласкі”.

Менавіта такі шлях – ад “ап’янення да цвярозасці” – указваў Езус сваім вучням, лічыць капуцын. “Нягледзячы на тое, што яны мелі самаго Езуса ў якасці духоўнага настаўніка і кіраўніка, перад Пяцідзесятніцай яны не былі ў стане спаўняць амаль ніводнага евангельскага прадпісання. Але, калі падчас Пяцідзесятніцы былі ахрышчаны Святым Духам, тады мы бачым іх перамененымі, стаўшымі здольнымі дзеля Хрыста зносіць няшчасці рознага віду і нават мучаніцтва. Святы Дух быў прычынай іх запалу, больш чым яго вынікам”, - сказаў айцец Канталамеса.

Паводле яго слоў, сёння існуе большая патрэба ў такім “цвярозым духоўным ап’яненні”, чым ў часы Айцоў Касцёла. Чэрпаць яго можна з Эўхарыстыі, Святога Пісання, а таксама атрымліваючы дождж ласкаў, які сыходзіць і абнаўляе жыццё тых, хто аб гэтым просіць, як гэта стала з апосталамі.

“Касцёл мае патрэбу ў сваёй пастаяннай Пяцідзесятніцы; мае патрэбу ў агні ў сэрцы, слове на вуснах, прароцтве ў позірку. Касцёл мае патрэбу вярнуць сябе трывогу, смак упэўненасці ў сваёй праўдзе. Касцёл мае патрэбу таксама ў тым, каб адчуваць, як ва ўсе яго чалавечыя галіны, прыцякае хваля любові, той любові, якая называецца міласэрнай і якая была выліта ў нашы сэрцы менавіта Святым Духам, якім нам быў дадзены”, - сказаў на заканчэнне свайго разважання папскі прапаведнік. 








All the contents on this site are copyrighted ©.