2016-12-16 11:14:00

Пантыфік засмучаны смерцю бразільскага кардынала


Адважным пастырам, які даў сапраўнае евангельскае сведчанне сярод свайго народу, назваў Святы Айцец памерлага бразільскага кардынала Паўлу Эварыста Арнса. Пурпурат адышоў у вечнасць 14 снежня 2016 г. у 95-гадовым узросце. Ён быў апошнім з жывых пурпуратаў, які атрымаў кардынальскую годнасць падчас пантыфікату Паўла VI. 

Кардынал Арнс нарадзіўся ў 1921 г. у сям’і нямецкіх эмігрантаў у Бразіліі. Яго родны брат стаў святаром, а тры з сямі сясцёр уступілі ў манаскія супольнасці. Сам Эверэста Арнс вырышаў далучыцца да Ордэна францішканаў. У 1945 г. ён атрымаў святарскае пасвячэнне. Адукацыю атрымліваў у навучальных установах Бразіліі, Францыі, ЗША і Канады. Займаўся душпастырствам і рэдавагаваў часопіс для законнікаў “Sponsa Christi”.

У 1966 г. быў прызначаны дапаможным біскупам дыяцэзіі Сан-Паўлу, а праз чатыры гады стаў яе арцыбіскупам.У 1973 г. Павел VI надаў яму кардынальскую годнасць. Пастырскае кіраванне дыяцэзіяй Сан-Паўлу пурпутар ажыцяўляў на працягу 28 гадоў – з 1970 па 1998 гг.

Знаходзячыся на пасадзе арцыбіскупа ён прадаў біскупскі палац і выкарыстаў выручаныя грошы на пабудову сацыяльнага цэнтру ў гарадскіх трушчобах. Пурпурат быў актыўным праціўнікам ваеннай дыктатуры 1964-1985 гг. у Бразіліі. Напрыканцы 1970-х гадоў кіраваў праектам супраць катаванняў.

Пасля смерці бразільскага пурпурата Калегія Кардыналаў складаецца з 227 іерархаў, з якіх 120 маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.