2016-12-15 08:21:00

Папа падзякаваў удзельнікам ватыканскага саміту мэраў


Святы Айцец падзякаваў мэрам еўрапейскіх гарадоў, якія прынялі ўдзел у ватыканскім саміце, прысвечаным праблемам мігрантаў і бежанцаў. Форум праходзіў 9-10 снежня 2016 г. у Папскай акадэміі навук на тэму “Еўропа: бежанцы – нашы браты”. У ім прынялі ўдзел 80 граданачальнічаў з розных краін Еўропы. Ліст Святога Айца атрымаў кожны ўдзельнік форума.  

“Выказваю маё захапленне і ўдзячнасць за вашу разважлівую і мужную працу на карысць нашых братоў і сясцёр бежанцаў”, - напісаў Папа і прызнаўся, што асабіста сачыў за працай саміта і ведае аб яго выніках. “Я вельмі цаню прапанову аб стварэнні сеткі граданачальнікаў”, - заўважыў ён.

Сабраныя ў Ватыкане мэры агучылі шэсць канкрэтных прапаноў па вырашэнні праблем звязаных з міграцыяй. Яны адзначылі важнасць спынення сірыйскай вайны, надання прыярытэту выратаванню чалавечых жыццяў, стварэння гуманітарных калідораў не толькі ў дзяржавах-членах ЕС, але і ў менш населеных краінах і рэгіёнах, такіх як Аргентына, Аўстралія, Бразілія, Канада, ЗША і Блізкі Усход. 

Акрамя таго, граданачальнікі падкрэслілі тэрміновую важнасць дапамогі ахвярам сучаснага рабства і гандлю людзьмі, павелічэння сацыяльных выдаткаў, а таксама засяроджання рэсурсаў на пытаннях эканамічнага развіцця, а не на вядзенні войнаў, асабліва ў краінах з нізкім узроўнем даходу.

Сцены і агароджы не спыняць мільёнаў мігрантаў, што бягуць ад насілля, крайняй галечы, голаду, хвароб, засухі, паводак і іншых бедстваў. Толькі глабальнае супрацоўніцтва ў напрамку сацыяльнай справядлівасці можа зрабіць гэта, перакананыя ўдзельнікі ватыканскага саміту.








All the contents on this site are copyrighted ©.