2016-12-15 14:28:00

Пантыфік: надзея дазваляе заўсёды ісці наперад


Надзея – гэта “паліва” хрысціянскага жыцця, якое дазваляе штодня ісці наперад, падкрэсліў Святы Айцец 15 снежня 2016 г. падчас аўдыенцыі для пацыентаў і работнікаў ватыканскай педыятрычнай клінікі “Дзіцятка Езус” (Ospedale Pediatrico Bambino Gesù).

Падчас сустрэчы было ўзнята пытанне аб прычынах пакутаў дзяцей. Папа прызнаўся, што не мае на яго адказу. “Нават Езус не даў на яго адказаў на словах. Перад абліччам шматлікіх сітуацый – нават смяротных – нявінных людзей, якія пакутавалі ў трагічных умовах, Езус не прамаўляў казанняў, тэарытычных прамоў. Гэта канешне можна рабіць, але Ён не рабіў. Жывучы сярод нас, Ён не патлумачыў чаму існуюць пакуты. Езус, аднак, указаў шлях, каб даць сэнс таксама і гэтаму чалавечаму досведу: Ён не тлумачыў чаму існуюць пакуты, але з любоўю зносячы іх, паказаў за каго яны ахвяруюцца. Не чаму, а за каго”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў прысутных памятаць пра ўдзячнасць, якая не дазваляе “замёрзнуць надзеі”, бачыць “прыгажосць малых рэчаў”, знаходзіць час, каб спыніцца і прыйсці ў сябе, марыць і служыць іншым.








All the contents on this site are copyrighted ©.