2016-12-13 12:05:00

Пантыфік: грамадства недаверу будуе культуру роспачы


Вера Марыі павінна асвятляць сляпое грамадства, якое пакідае на ўзбочыне найбольш безабаронных і слабых, падкрэсліў Святы Айцец падчас Эўхарыстыі ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай. У літургіі, якая адбылася 12 снежня 2016 г. у ватыканскай базыліцы, прынялі ўдзел шматлікія іерархі, святары і свецкія вернікі з Лацінскай Амерыкі. Упрыгожвалі св. Імшу літургічныя спевы на мовах карэнных народаў гэтага рэгіёну. 

У сваёй гаміліі Папа заўважыў, што сучаснае грамадства, якому падабаецца хваліцца дасягненнямі навуковага і тэхналагічнага прагрэсу, стала сляпым і неадчувальным да лёсу менш паспяховых – яно будуе культуру роспачы і трывогі. Паводле Францішка, людзі пачынаюць прызвычайвацца да жыцця “ў грамадстве недаверу”.

Спасылаючыся на сітуацыю ў краінах Лацінскай Амерыкі, апякункай якіх з’яўляецца Маці Божая Гвадэлупская, Святы Айцец нагадаў пра вялікую колькасць дзяцей і моладзі, якія жывуць на вуліцы, “эксплуатуюцца ў сферы нелегальнай працы або вымушаны шукаць манеты на скрыжаваннях вуліц, мыючы лабавое шкло нашых аўтамабіляў, і адчуваюць, што ў “цягніку жыцця” для іх няма месца”.

Пантыфік нагадаў пра боль шматлікіх сем’яў, дзеці якіх становяцца ахвярамі “гандляроў смерцю”, пра старых людзей, якія пакідаюцца ў адзіноце, пра дзяўчын і жанчын, якія падвяргаюцца розным формам насілля.

Перад абліччам усіх гэтых сітуацый, Францішак высока ацаніў высілкі шмалікіх маці, якія часта ў адзіночку працягваюць змагацца за лепшую будучыню для сваіх дзяцей. Ён пажадаў, каб жыхары Лацінскай Амерыкі па прыкладзе Найсвяцейшай Панны служылі сваім бліжнім, “кажучы “так” жыццю і “не” ўсім відам абыякавасці, выключэння, адчужэння народаў і людзей”.

Эўхарыстыю ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай Францішак цэлебруе ў базыліцы св. Пятра на працягу апошніх трох гадоў. Упершыню св. Імша з гэтай нагоды прайшла ў галоўнай каталіцкай святыні ў 2011 г. Бэнэдыкт XVI узначаліў яе ў рамках святкавання 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.