2016-12-12 10:52:00

Святы Айцец сустрэўся з Мітрапалітам Іларыёнам


Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліта Іларыёна. Сустрэча прайшла 10 снежня 2016 г. у Апостальскім палацы Ватыкана.

Высокі праваслаўны іерарх ад імя Патрыярха Кірыла перадаў Пантыфіку віншаванні і найлепшыя пажаданні з нагоды 80-годдзя, якое Святы Айцец будзе адзначаць 17 снежня. У якасці падарунка ад прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Іларыён уручыў Францішку ікону св. Серафіма Сароўскага. Са свайго боку Папа прасіў пераказаць Патрыярху словы сардэчнай удзячнасці і братэрскага прывітання, паведамляе афіцыйны сайт Маскоўскага Патрыярхату.

У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні двухбаковых адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой. Як падкрэсліў Мітрапалаіт Іларыён, тэмы, якія закраналіся падчас гістарычнай сустрэчы прадстаяцеляў двух Цэркваў у Гаване, па-ранейшаму захоўваюць сваю актуальнасць. Гэта тычыцца, у прыватнасці, сітуацыі на Блізкім Усходзе, дзе тэрарысты працягваюць забіваць нявінных людзей.

Пантыфік і кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату абмеркавалі развіццё культурнага супрацоўніцтва, якое ў апошні час было адзначана шэрагам важных падзей. Так, 25 лістапада 2016 г. у Трэццякоўскай галерэі ў Маскве была адкрыта выстава італьянскага рэлігійнага мастацтва з Ватыканскіх музеяў, а 11 снежня ў Рыме прайшоў канцэрт духоўнай музыкі ў выкананні Маскоўскага Сінадальнага хора і Папскай Сікстынскай капэлы.

Апошні візіт Мітрапаліта Іларыёна ў Ватыкан праходзіў 15 верасня 2016 г. Тады высокі праваслаўны іерарх знаходзіўся ў Італіі з нагоды пасяджэння Змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якое праходзіла ў Кьеці.








All the contents on this site are copyrighted ©.