2016-12-09 12:12:00

Францішак: перажыць з верай “сакрамэнт Нараджэння Збаўцы”


Пантыфік прыняў 9 снежня 2016 г. у Ватыкане італьянскую і мальтыйскую дэлегацыі, якія прыбылі сюды на інаўгурацыю святочнай ёлкі і ясляў Божага Нараджэння. Францішак падзякаваў усім арганізатарам і дабрачынцам, якія прычыніліся да аздаблення плошчы св. Пятра. 

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на хворых дзяцей, якімі апякуецца фонд “Ленэ Тун”, што займаецца так званай рэкрэатыўнай тэрапіяй дзяцей і падлеткаў. Яны стварылі сваімі рукамі аздабленні для святочнага дрэва. “Каляровыя шары, якія вы зрабілі, сімвалізуюць каштоўнасці жыцця, любові і міру, пра якія Божае Нараджэнне нагадвае кожны год”, - сказаў Папа.

Кампазіцыя сёлетніх ясляў натхнёная мальтыйскай рэчаіснасцю, што пацвярджае традыцыйны мальтыйскі крыж і тыпова мальтыйскае рыбацкае судна – напамін аб сумнай і трагічнай рэальнасці мігрантаў, якія пераадольваюць Міжсемнае мора, звярнуў увагу Пантыфік. Ён заклікаў задумацца пра балючы досвед гэтых людзей, узгадваючы, што і Езус прыйшоў на свет у пячоры Бэтлеема, не знайшоўшы жылля. Той, хто прыйдзе да ясляў на ватыканскай плошчы, адкрые для сябе значэнне братэрства, спагады, гасціннасці і салідарнасці, перакананы Францішак. Стаенка ў кожным храме і месцы свету, дадаў ён, з’яўляецца запрашэннем, вызваліць месца ў нашым жыцці для Бога, схаванага ў шматлікіх людзях, якія знаходзяцца ва ўмовах выпрабаванняў, галечы і смутку.

Францішак заўважыў, што прыгажосць прыроды Скурэле, адкуль у Ватыкан прыбыла ёлка, з’яўляецца запрашэннем, сузіраць Створцу і паважаць прыроду – працу Яго рук.

Яслі і святочнае дрэва фарміруюць пасланне надзеі і любові, а таксама дапамагаюць стварыць спрыяльную атмасферу Божага Нараджэння, каб перажыць з верай “сакрамэнт Нараджэння Збаўцы”, падсумаваў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.