2016-12-08 13:56:00

Папа: кожны з нас носіць у сабе калекцыю “так”, якіх няма


Часам мы з’яўляемся экспертамі па “так”, сказаным напалову: мы здольныя рабіць выгляд, што не разумеем, чаго жадаў бы Бог, і што падказвае нам сумленне, падкрэсліў Францішак 8 снежня 2016 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” у Ватыкане. Ён заклікаў па прыкладзе Маці Божай з шчодрасцю і даверам выконваць Божую волю.

“Чытанні сённяшняй урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прадстаўляюць два пераломныя моманты гісторыі адносін паміж чалавекам і Богам: можам сказаць, што яны вядуць нас да вытокаў дабра і зла. – сказаў Папа, – Гэтыя два моманты вядуць нас да вытокаў дабра і зла, паўтарыў ён.

Кніга Быцця дэманструе нам першароднае “не”, калі чалавек аддаў перавагу таму, каб глядзець на сябе, а не на Стварыцеля, пажадаў кіравацца сваёй галавой, вырашыў, што яму дастаткова самога сябе. Але робячы так, выходзячы з адзінства з Богам, ён згубіў сябе і пачаў баяцца, хавацца і асуджаць тую, якая была з ім побач (пар. Быц 3,10.12). Такімі з’яўляюцца сімптомы: страх – гэта сімптом “не”, сказанага Богу. Ён указвае на тое, што кажу “не” Богу. Калі абвінавачваю іншых і не гляжу на самаго сябе, значыць аддаляюся ад Бога. Гэта робіць грэх. Але Пан не пакідае чалавека ва ўладзе яго зла; неадкладна шукае яго і скіроўвае да яго пытанне, поўнае трывогі: “Дзе ты?” (пар. Быц 3,9). Ён нібыта кажа: “Спыніся. Падумай, дзе знаходзішся!” Гэта пытанне айца і маці, якія шукаюць згубленага сына: “Дзе ты? У якой сітуацыі апынуўся?”. І гэта Бог робіць з вялікай цярплівасцю, аж да запаўнення дыстанцыі, якая стварылася напачатку. Гэта адзін з момантаў.

Другі пераломны момант, апісаны ў сённяшнім Евангеллі, калі Бог пасяліўся сярод нас, стаў чалавекам, як мы. Гэта стала магчыма дзякуючы вялікаму “так”, прамоўленаму Марыяй падчас Звеставання. Праз гэта “так” Езус пачаў свой шлях па дарогах чалавецтва; пачаў яго ў Марыі, правёўшы першыя месяцы жыцця ва ўлонні маці: Ён не з’явіўся адразу ж дарослым і моцным, але прайшоў увесь шлях чалавечай істоты. Ён стаў ва ўсім роўным нам, за выключэннем аднаго: граху. Таму Ён выбраў Марыю, адзінае бязгрэшнае і беззаганнае стварэнне. У Евангеллі, з дапамогай толькі аднаго выразу, яна названа “поўнай ласкі” (Лк 1,28), што значыць напоўненай ласкай. Гэта азначае, што ў ёй, адразу ж поўнай ласкі, няма месца для граху. Таксама і мы, калі звяртаемся да яе, прызнаем гэту прыгажосць: называем яе “поўнай ласкі”, без цені зла.

Марыя адказвае на прапанову Бога кажучы: “Вось я слуга Пана” (Лк 1,38). Не кажа: “На гэты раз споўню Божую волю, пагаджуся, а потым пагляджу...”. Не! Яе “так” – поўнае, абсалютнае, на ўсё жыццё, безумоўнае. Як першае “не” закрыла пераход чалавека да Бога, так і згода Марыі адкрыла шлях Богу сярод нас. Гэта самае важнае “так” у гісторыі, пакорнае так, якое скінула пазначанае пыхай першароднае “не”, вернае “так”, якое вылечвае ад непаслухмянасці, адкрытае “так”, якое перамагае эгаізм граху. 

Таксама для кожнага з нас існуе гісторыя збаўлення, якая складаецца з “так” і “не”. Часам, аднак, мы з’яўляемся экспертам па “так”, сказаным напалову: мы здольныя рабіць выгляд, што не дакладна разумеем, чаго жадаў бы Бог і што падказвае нам сумленне. Мы таксама з’яўляемся хітрымі, і каб не казаць сапраўднае і выразнае “не” Богу, кажам: “Прабач, я не магу”, “Не сёння, а заўтра”, “Заўтра буду лепшым, заўтра памалюся, зраблю добры ўчынак, але заўтра”. 

Але гэта хітрасць аддаляе нас ад “так”, аддаляе нас ад Бога і вядзе да “не”, да грахоўнага “не”, “не” паверхнаснасці. Славутае “так, але”. Так, Пане, але... Такім чынам мы зачыняем дзверы дабру, а зло карыстаецца гэтым “так”, якога няма. Кожны з нас носіць у сабе калекцыю “так”, якіх няма. У той жа час, кожнае канчатковае “так”, сказанае Богу, дае пачатак новай гісторыі: казаць “так” Богу, гэта па-сапраўднаму “першародна”, гэта пачатак, і гэта не грэх, які робіць нас старымі ўнутры. Ці думалі вы пра тое, што грэх робіць нас унутрана старымі? Састарвае нас вельмі хутка! Кожнае “так”, сказанае Богу, дае пачатак гісторыі збаўлення для нас і для іншых. Як і Марыя праз сваё “так”.

На гэтым адвэнтавым шляху, Бог жадае наведаць нас і чакае нашага “так”. Падумаем пра тое, якое “так” мы сёння павінны сказаць Богу. Падумаць пра гэта варта; так адшукаем голас Пана ўнутры нас, які нас просіць аб чымсьці. Адзін крок наперад: “Веру ў Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе; няхай споўніцца ў ва мне Твая добрая воля”. Гэтыя “так”... Як Марыя, з шчодрасцю і даверам,  няхай кожны з нас скажа сёння гэтае асабістае “так” Богу”, - сказаў падчас сваіх разважанняў Папа. 

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і падзяліўся, што вечарам наведае Іспанскую плошчу ў Рыме, каб памаліцца каля размешчанай там скульптуры Панны Марыі, і што таксама адправіцца ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.