2016-12-07 12:22:00

Ватыканскі саміт: сцены не спыняць мільёнаў мігрантаў


Ватыканскі саміт граданачальнікаў вялікіх гарадоў прызваны прыцягнуць неадкладную ўвагу да феномену бежанцаў, якіх на планеце больш за 125 мільёнаў. Аб гэтым паведамляецца ў спецыяльным камюніке, што выйшла перад форумам на тэму “Еўропа: бежанцы нашы браты”, які збярэ ў Ватыкане 9-10 снежня 2016 г. 80 мэраў з усяго свету. Гэтыя асобы маюць патрэбу ў тэрміновай гуманітарнай дапамозе. 

Тры чвэрці ўсіх гуманітарных надзвычайных сітуацый сёння, гэта вынік войнаў, прычыны якіх незлічоныя і не заўсёды простыя: нацыянальны гонар, прагнасць да нажывы, гнеў, прага ўлады, нежаданне рабіць дабро, зайздрасць да суседзяў. Такім чынам, карэнныя прычыны вайны ляжаць у чалавечай прыродзе, схільнай да эгаізму, гаворыцца ў паведамленні.

Астатняя чвэрць гуманітарных надзвычайных сітуацый узнікаюць па прычыне стыхійных бедстваў, большая частка якіх выклікана экалагічным крызісам, што часта з’яўляецца наступствам неасцярожнага выкарыстання чалавецтвам выкапнёвага паліва або агрэсіўных метадаў вядзення сельскай гаспадаркі і высечкі лесу. Прычым, экалагічныя катастрофы заўсёды мацней за ўсё ўдараюць у бедных. 

Ватыканскі саміт будзе імкнуцца знайсці новыя шляхі і магчымасці, каб аб’яднаць людзей для вырашэння гэтых праблем, гаворыцца ў паведамленні арганізатараў.

Сучасны чалавек сканцэнтраваў багацце большае, чым у любую іншую эпоху. Таму сёння існуе дадатковая маральная адказнасць, каб выкарыстаць гэты патэнцыял для спынення войнаў і недапушчэння іх гуманітарных наступстваў.

У камюніке гучаць шэсць канкрэтных прапаноў па вырашэнні вышэйузгаданых праблем. Па-першае – трэба спыніць хвалю бежанцаў праз спыненне сірыйскай вайны. 

Па-другое, у кантэксце выхаду Вялікабрытаніі з ЕС, падумаць над новай формай плённага і “здаровага” саюза, які б прадугледжваў прадастаўленне большай незалежнасці і свабоды краінам Еўрапейскага Саюза ў цэлым і, у прыватнасці, у пытаннях падыходу да бежанцаў. Прыярытэт тут павінен аддавацца выратаванню чалавечых жыццяў. 

Трэцяя прапанова ўдзельнікаў саміту: міжнародна прызнаныя бяспечныя гуманітарныя калідоры павінны быць створаны не толькі ў дзяржавах-членах ЕС, але і ў менш населеных краінах і рэгіёнах, такіх як Аргентына, Аўстралія, Бразілія, Канада, ЗША і Блізкі Усход. Павінен выконвацца Прынцып недапушчальнасці прымусовага вяртання бежанцаў.

Яшчэ адна, чацвёртая прапанова – амністыя для ахвяр сучаснага рабства і гандлю людзьмі, многія з якіх не маюць дакументаў, што выкарыстоўваюць крымінальныя сіндыкаты, каб трымаць ахвяр прастытуцыі і прымусовай працы пад кантролем.

На пятым месцы аднаўленне пачуцця справядлівасці і магчымасцяў для працоўнага класа, беспрацоўных маладых людзей і тых, чые сродкі да існавання былі падарваныя фінансавым крызісам і аўтсорсінгам працоўных месцаў. Гэта можа ўключаць у сябе праекты па больш шырокім фінансаванні сацыяльных выдаткаў на ахову здароўя, адукацыю, падтрымку сям’і, якія можна атрымаць ад закрыцця так званых “падатковых раяў”, што шкодзяць дзяржаўным даходам і абвастраюць эканамічную несправядлівасць. Тут таксама гучыць прапанова палегчыць цяжар запазычанасці Грэцыі, што, на думку аўтараў, дасць надзею на спыненне доўгатэрміновага крызісу еўразоны.

Шостая, яле, як адзначаецца, далёка не апошняя па важнасці прапанова: засяродзіць рэсурсы на пытаннях эканамічнага развіцця, а не на вядзенні войнаў, асабліва ў краінах з нізкім узроўнем даходу. 

У паведамленні гучыць перасцярога – калі сёння не адказаць на існуючыя выклікі, заўтра стыхійная міграцыя з бедных і ахопленых канфліктамі рэгіёнаў стане яшчэ больш непадкантрольнай. Сцены і агароджы не спыняць мільёнаў мігрантаў, што бягуць ад насілля, крайняй галечы, голаду, хвароб, засухі, паводак і іншых бедстваў. Толькі глабальнае супрацоўніцтва ў напрамку сацыяльнай справядлівасці можа зрабіць гэта, перакананыя ўдзельнікі ватыканскага саміту.








All the contents on this site are copyrighted ©.