2016-12-06 13:07:00

Новы старшыня Папскай акадэмііі літаратуры і мастацтваў


Францішак прызначыў 6 снежня 2016 г. новага старшыню Папскай акадэмііі вытанчаных мастацтваў і славеснасці віртуозаў пры Пантэоне. Ім стаў італьянскі прафесар Піа Балдзі, былы кіраўнік Галоўнага ўпраўлення архітэктуры і сучаснага мастацтва італьянскага Міністэрства спадчыны і культуры і былы старшыня італьянскага Нацыянальнага музея мастацтваў XXI стагоддзя.

Папская акадэмія літаратуры і вытанчаных мастацтваў, так гучыць яе скарочаная назва, была заснавана 5 кастрычніка 1542 г. манахам-цыстэрсам Дэзідэрыя дзі Адз’юторыа. Першапачаткова яна называлася “таварыствам” і была афіцыйна прызнана папам Паўлам III. Сходы яе членаў праходзілі ў рымскім Пантэоне, а самі яны называліся “віртуозамі” (ад італьянскага virtuoso – дабрадзейны, доблесны), дзякуючы чаму таварыства, а пасля і акадэмія, атрымалі сваю назву.

У склад Акадэміі ў свой час уваходзілі Караваджа, Берніні, Віньёла, Канова і многія іншыя выбітныя мастакі, скульптары і дзеячы мастацтва.

У 1928 г. папа Пій XI зацвердзіў новы статут Акадэміі, які вызначыў яе мэтай, спрыяць вывучэнню, рэалізацыі і ўдасканаленню вытанчаных мастацтваў, перш за ўсё сакральнага мастацтва, а таксама павышэнню духоўнага ўзроўню майстроў культуры.

Сёння агульная колькасць акадэмікаў – 60 чалавек; яны падзелены на заслужаных і ганаровых. Акадэмікі ўваходзяць у склад пяці секцый па сферах мастацтва: архітэктары, мастакі і кінематаграфісты, скульптары, музыканты і дзеячы музычнага мастацтва, паэты і пісьменнікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.