2016-12-05 15:06:00

Святы Айцец: Езус змяняе людзей праз прабачэнне грахоў


Францішак заклікаў вернікаў дазволіць Езусу перамяніць сябе і стварыць нанова, вызваліўшы ад грахоў. З адмысловым заклікам ён звярнуўся 
5 снежня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. 

Папа адзначыў, што ўжо першае чытанне сённяшняй літургіі (Іс 35,1-10) кажа пра аднаўленне: “ўзрадуецца пустыня і сухая зямля, і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран. Будзе прыгожа цвісці і цешыцца, і радавацца будзе, і спяваць”. Усё зменіцца, непрыгожае стане прыгожым, а зло пераменіцца ў дабро. Пантыфік адзначыў, што і сённяшняе Евангелле (Лк 5,17-26) выяўляе, як Хрыстус перамяняе чалавека,  ацаляючы яго душу і цела.

Францішак заўважыў, што Езус указваў людзям шлях перамены і яны ішлі за Ім. Прычына актыўнага наследавання Хрыста была не толькі ў тым, што Яго пасланне адрознівалася актуальнасцю, але, перш за ўсё, што яно дасягала глыбіні сэрцаў людзей, лічыць Папа.

Перамены, якія нёс Езус не былі толькі “макіяжам”. Хрыстус усё змяняў знутры, ствараў чалавека нанова. У якасці прыкладу Пантыфік прывёў евангельскую гісторыю пра спаралізаванага, аздароўленага Панам. Каб цалкам пераўтварыць яго, Езус напачатку адпусціў яму грахі і толькі затым вярнуў яму здольнасць хадзіць. 

Святы Айцец заклікаў вернікаў імкнуцца да такой перамены, асабліва ў кантэксце надыходзячых святаў. “Няхай Пан дапаможа нам падрыхтавацца да ўрачыстасці Божага Нараджэння з вялікай верай”, пажадаў Папа і дадаў, што менавіта вера неабходна для экзістэнцыяльнай перамены. Каб яна адбылась, важна не паддавацца роспачы перад абліччам грахоў, а прыступіць да сакрамэнту споведзі, шчыра называючы іх і адкрываючы сэрца Богу, падкрэсліў Францішак.   








All the contents on this site are copyrighted ©.