2016-12-05 12:20:00

Міжнародная тэалагічная камісія пра пытанне сінадальнасці


Міжнародная тэалагічная камісія працуе над дакументам аб сінадальнасці, паведамілі ў Кангрэгацыі Веравучэння. Чакаецца, што ён будзе апублікаваны перад Сінодам Біскупаў, які пройдзе ў 2018 г. на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

Біскуп Антоніа Луіс Катэлан Ферэйра, старшыня камісіі дактрыны веры бразільскага епіскапату і член Міжнароднай тэалагічнай камісіі паведаміў Ватыканскаму радыё, што на дадзены момант Камісія падзелена на тры рабочыя групы з 10 чалавек, кожная з якіх працуе над сваім пытаннем: сінадальнасці, адносін паміж верай і сакрамэнтамі і свабоды рэлігіі. Групы таксама сустракаюцца разам.

“Я належу да рабочай групы па сінадальнасці. Мы імкнемся распрацаваць дакумент па гэтым пытанні, і ён ужо напалову завершаны. У ім былі ўлічаны шматлікія пазіцыі, таму тэкст паволі фарміруецца”, - падзяліўся бразільскі іерарх.

Міжнародная тэалагічная камісія, якой заўсёды кіруе прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, існуе з 1969 г. У яе склад ўваходзяць 30 тэолагаў, якіх на пяцігадовы тэрмін прызначае Папа. Камісія выпусціла ў 2014 г. два важных дакументы: “Бог Тройца, адзінства людзей. Хрысціянскі монатэізм супраць насілля” і “Sensus Fidei ў жыцці Касцёла”.








All the contents on this site are copyrighted ©.