2016-12-05 12:30:00

Ватыканскія музеі, як “працоўная машына”


Працу Ватыканскіх музеяў можна ахарактарызаваць індустрыяльным тэрмінам “працоўная машына”, лічыць дырэктар гэтай структуры, прафесар Антоніа Паолучы. На старонках “L’Osservatore Romano” ён распавёў, што пазнаёміцца з папскай мастацкай калекцыяй штогод прыбывае больш за 6 млн. чалавек. У асобныя перыяды колькасць наведвальнікаў складае 20-25 тыс. чалавек у дзень. У турыстычны сезон Музеі адкрыты 15 гадзін у суткі.  

Дырэктар заўважыў, што экспазіцыя Ватыканскіх музеяў расцягнулася на сем кіламетраў, якія пралягаюць праз галерэі, залы, унутраныя сады. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены фрэскі, скульптуры, габелены, этнаграфічныя экспанаты, творы выяўленчага і іншых відаў мастацтва.

Музеі з’яўляюцца адным з важнейшых у свеце сховішчам археалагічных матэрыялаў, твораў старажытнага і сучаснага мастацтва, якія ўсё часцей выстаўляюцца ў розных краінах Еўропы, Амерыкі і Далёкага Усходу. Толькі ў 2015 г. экспанаты з папскай мастацкай скарбніцы вывозіліся на выставы ў Італію і іншыя краіны 58 разоў. 

Прафесар Паолучы адзначых таксама важнасць культурнага, дыдактычнага і навуковага выкарыстання калекцый. Штодзённа музеі прымаюць навукоўцаў з розных краін свету, які жадаюць пазнаёміцца з фондамі, прааналізаваць фрэскі, даследваць дакументы і музейныя аб’екты.

На сённяшні дзень у “музеях-машыне”, як назваў яго сам кіраўнік, працуе каля 800 чалавек, сярод якіх: ахоўнікі, адміністратары, экскурсаводы, тэхнікі, рэстаўратары розных спецыялізацый, а таксама навуковыя спецыялісты: археалогі, этрусказнаўцы, егіптолагі, этнографы, эпіграфісты, гісторыкі мастацтва.

Антоніа Паолучы распавёў, што на працягу апошніх гадоў асаблівая ўвага звяртаецца на ўмацаванне прэвентыўных мер для захаванняі музейных аб’ектаў. Для гэтага была створана спецыяльная структура, якая аналізуе ўплыў знешняга асяроддзя і клімату на экспанаты і фондавыя матэрыялы, здзяйсняе неабходны кантроль і ўмяшанні. Ён нагадаў пра нядаўнюю інсталяцыю новых кандыцыянераў і вітрын, датчыкаў кантролю за выкідамі вуглякіслага газу і больш устойлівай і эканамічнай сістэмы асвятлення Сікстынскай капэлы.








All the contents on this site are copyrighted ©.