2016-12-03 11:39:00

Святы Пасад і ізраільскі рабінат: будаваць мір у імя рэлігіі


У імя рэлігіі трэба абвяшчаць мір, а не насілле, адзначылі ўдзельнікі XIV пасяджэння двухбаковай камісіі дэлегацый Вялікага рабіната Ізраіля і Папскай камісіі па рэлігійных адносінах з юдазмам. Сустрэча прайшла 28-30 лістапада 2016 г. у Рыме. Дэлегацыю Апостальскай Сталіцы ўзначальваў кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”. Тэмай форума было спрыянне міру ў кантэксце насілля, якое здзяйсняецца ў імя рэлігіі.

Падчас сустрэчы апраўданне насілля рэлігіяй назвалі “жудасным, блюзнерскім злоўжываннем”. Прадстаўнікі Святога Пасаду звярнулі ўвагу на ролю, якую рэлігіі могуць адыграць у вырашэнні канфліктаў, а прадстаўнікі рабінату падкрэслілі фактары, якія вядуць да распальвання агрэсіі і войнаў, а таксама нагадалі пра рэлігійныя каштоўнасці, якія могуць ім супрацьстаяць: святасць чалавечай асобы, яе свабода і годнасць. Гэтыя каштоўнасці асаблівым чынам прысутнічаюць у абрамічных рэлігіях: юдаізме, хрысціянстве, ісламе. 

Удзельнікі пасяджэння ўзгадалі словы, якія Святы Айцец прамовіў 3 лістапада 2016 г. падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Ватыкане: “Нажаль не праходзіць і дня, каб не было чуваць пра насілле, канфлікты, выкраданні, тэрарыстычныя напады, ахвяры і разбурэнні. Жудасна, што для апраўдання гэтых варварскіх учынкаў нярэдка выкарыстоўваецца імя рэлігіі ці самаго Бога. Гэтыя злачынныя дзеянні павінны падвергнуцца яснаму асуджэнню; яны абражаюць імя Бога і перашкаджаюць рэлігійным шуканням чалавека”.

У апублікаваным па выніках пасяджэння паведамленні ўзгадваецца нядаўняя супярэчлівая рэзалюцыя ЮНЕСКА аб святых месцах ва Усходнім Іерусаліме, у якой назвы гэтых аб’ектаў прыводзяцца выключна на арабскай мове. Паводле ўдзельнікаў сустрэчы, гэта з’яўляецца фактам адмаўлення біблійнай гісторыі і сувязі ізраільцянаў з іерусалімскай святыняй. 








All the contents on this site are copyrighted ©.