2016-12-03 12:49:00

Праваслаўны Патрыярх у “L’Osservatore” пра папскі дакумент


Апостальская адгартацыя “Amoris laetitia” кажа пра міласэрнасць, а не толькі пра маральныя нормы і чалавечыя кананічныя рэгулы, падкрэсліў Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І у артыкуле, які 2 снежня 2016 г. быў апублікаваны на старонках ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”.

Прадстаяцель Экуменічнага Патрыярхату заўважыў, што “Amoris laetitia” пісалася ў перыяд іх сумеснага з папам Францішкам візіту салідарнасці з бежанцамі на грэчаскі востраў Лесбас. 

Барталамей І заўважыў, што на працягу апошніх месяцаў было мноства каментароў і ацэнак адгартацыі “Amoris laetitia” і яе пазіцыі адносна пэўных пытанняў і нормаў. “Тым не менш, у святле надыходзячага свята Уцелаўлення Пана – часу, калі ўзгадваем і святкуем той факт, што “Слова сталася целам і пасялілася між намі” – важна заўважаць, што “Amoris laetitia” нагадвае перш за ўсё пра міласэрнасць і спагаду Бога, а не толькі пра маральныя нормы і чалавечыя кананічныя рэгулы”, - падкрэсліў Патрыярх.

Рэлігійныя лідэры, на яго думку, пакліканы нагадваць, што Бог – гэта жыццё, любоў і святло. “Фактычна гэтыя словы шматразова падкрэслівае папа Францішак у сваім дакуменце, які аналізуе досвед і выклікі сучаснага грамадства, каб акрэсліць духоўнасць сужэнства і сям’і ў цяперашнім свеце”, - заўважыў праваслаўны іерарх.

Ён падкрэсліў, што і Айцы Касцёла не баяліся адкрыта і сумленна казаць пра хрысціянскае жыццё, “тым не менш, іх адпраўной кропкай заўсёды была любячая і збаўчая Божая ласка, якая ззяе над кожнай асобай без дыскрымінацыі і пагарды”.

Паводле Барталамея І, сустракаючыся на пачатку Года Міласэрнасці з бежанцамі ў Грэцыі, папа Францішак “абняў” усе сем’і, якія знаходзяцца пад ягонай пастырскай апекай. “Учыніўшы гэта, ён не толькі прасіў аб бязмежнай любові і безумоўнай спагадзе жывога Бога да ўразлівых душаў, але таксама падштурхнуў да асабістага адказу тых, хто атрымаў і прачытаў яго словы, і усіх людзей добрай волі. Фактычна ён заклікаў людзей узяць на сябе адказнасць за ўласнае збаўленне, шукаючы спосабаў выканання Божых запаведзяў і ўзрастання ў духоўнай любові”, - лічыць Канстантынопальскі Патрыярх.








All the contents on this site are copyrighted ©.