2016-12-03 12:43:00

Кардынал Мюлер пра палеміку вакол “Amoris laetitia”


“Кангрэгацыя Веравучэння пакуль не збіраецца адказваць на ліст за подпісам чатырох кардыналаў, які ўтрымлівае просьбу да Святога Айца, праясніць сумнівы адносна інтэрпрэтацыі папскай адгартацыі “Amoris laetitia”, - адзначыў яе прэфект кардынал Герхард Людвіг Мюлер у інтэрв’ю аўстрыйскаму інфармацыйнаму агенцтву “Kathpress”.

Па словах іерарха, Кангрэгацыі Веравучэння дзейнічае і прамаўляе ад імя Святога Айца і таму не можа прымаць удзел у такога роду канверсацыі. Кардынал Мюлер падкрэсліў, што ўзгаданы ліст адрасаваны непасрэдна Пантыфіку, які можа даручыць вырашэнне гэтага пытання Кангрэгацыі Веравучэння, як кампетэнтнаму органу ва ўсім, што датычыць вучэння Каталіцкага Касцёла адносна веры і маралі.

Прэфект запрасіў да спакойнага абмеркавання адгартацыі “Amoris laetitia”, дадаўшы, што “зараз важна, каб кожны з нас заставаўся аб’ектыўным і не дапускаў палярызацыі ці, яшчэ горш, не спрыяў яе распальванню”. Па яго словах, нельга лічыць, што з апублікаваннем “Amoris laetitia” вучэнне папярэдніх Пантыфікаў і Кангрэгацыі Веравучэння страціла сапраўднасць.

Непарушнасць сужэнства павінна быць “непахіснай асновай” любога пастырскага вучэння, падкрэсліў кардынал Герхард Мюлер. У той жа час, дадаў ён, папа Францішак хоча дапамагчы ўсім тым, чые сем’і перажываюць крызіс, “знайсці шлях, які б адпавядаў заўсёды міласэрнай Божай волі”.

Нарэшце, іерарх адхіліў усе домыслы адносна нібыта ўзнікшага ў Ватыкане супрацьстаяння паміж прыхільнікамі і праціўнікамі рэформ і запэўніў, што гаворка ідзе пра “перамогу праўды, а не трыумф улады”.

Ліст да Святога Айца з просьбай праясніць асобныя сцвярджэнні адгартацыі “Amoris laetitia” быў перададзены прэфекту Кангрэгацыі Веравучэння 19 верасня 2016 г. Так і не атрымаўшы адказу, 14 лістапада 2016 г. аўтары звароту апублікавалі яго змест, распачаўшы тым самым публічную палеміку адносна вучэння Францішка аб сужэнстве і сям’і, у прыватнасці, адносна магчымасці ў асобных выпадках для людзей, якія ўступілі ў паўторныя саюзы, прымаць св. Камунію.








All the contents on this site are copyrighted ©.