2016-12-02 11:54:00

Былы дапаможны біскуп Магілёўскай архідыяцэзіі – мучанік


1 снежня 2016 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынала Анджэла Амата і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні цуду, мучаніцкай смерці і гераічнасці цнотаў. Адзін з дэкрэтаў тычыцца пацвярджэння мучаніцтва арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса, пастырскае служэнне якога звязана з Беларуссю. 

Ён нарадзіўся ў 1873 г. на тэрыторыі Укмергскага ўезду ў Літве. Атрымаў святарскае пасвячэнне пасля заканчэння Пецярбургскай духоўнай семінарыі. У 1900-1907 гг. працаваў у Варклянах, на Віцебшчыне і Быхаве, на Магілёўшчыне. Значны перыяд свайго жыцця здзейсняў душпастырскае служэнне ў Пецярбургу. У 1923 г. святар быў ўпершыню арыштаваны і асуджаны на тры гады турэмнага зняволення. Пасля вызвалення працягнуў служэнне ў горадзе на Няве. 

У 1928 г. быў прызначаны дапаможным біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі, аднак праз два гады быў паўторна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Салавецкім лагеры асобага прызначэння, вызначаючыся асаблівай мужнасцю і нязломнасцю. У 1933 г. быў вызвалены і высланы ў Літву ў рамках абмену палітычнымі зняволенымі. 

У 1943 г. быў прызначаны біскупам Кайшадорыскай дыяцэзіі ў Літве, але пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 г., быў арыштаваны ў трэці раз і асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі, якія адбываў у сібірскіх лагерах і Уладзіміры. Быў вызвалены ў 1954 г. і накіраваны ў дом інвалідаў, дзе пражываў пад кантролем органаў дзяржаўнай бяспекі. Праз два гады іерарх змог вярнуцца ў Літву. 

Біскупу Матулёнісу было забаронена кіраваць дыяцэзіяй і ён быў прымушаны да жыцця ў ізаляцыі. У лютым 1962 г. Ян ХХІІІ надаў яму годнасць арцыбіскупа, а ў жніўні таго ж году іерарх памёр. Беатыфікацыйны працэс арцыбіскупа Матулёніса працягваўся з 1990 г. 

Францішак ухваліў таксама іншыя дэкрэты. Адзін з іх тычыцца прызнання цуду праз заступніцтва а. Джавані Скьява, італьянскага законніка з Кангрэгацыі св. Юзафа.

Два дэкрэты тычацца прызнання мучаніцкай смерці іспанскага законніка Вісэнтэ Керальта Ларэта і дваццаці яго паплечнікаў, забітых падчас грамадзянскай вайны ў гэтай краіне, а таксама амерыканскага святара Стэнлі Франсіса Ротэра, забітага з нянавісці да веры ў 1981 г. у Гватэмале.

Восем дэкрэтаў, у якіх прызнаецца гераічнасць цнотаў, датычаць: італьянскага кардынала Гульельма Масая, італьянскага святара Нунцыа Руса, іспанскага святара Хасэ Бау Бургета, італьянскага святара Марыё Чычэры, французскай законніцы Мары Жазэфіны Обэр, іспанскай законніцы Люс Радрыгес-Казанова-і-Гарсія-Сан-Мігель, канадскай законніцы Катарыны Аўрэліі ад Найсвяцейшай Крыві і польскай законніцы Леаніі Марыі Насталь.








All the contents on this site are copyrighted ©.