2016-12-01 12:47:00

Папа: замежныя студэнты – новыя магчымасці для евангелізацыі


Папа сустрэўся 1 снежня 2016 г. з удзельнікамі IV Сусветнага кангрэса душпастырства для замежных студэнтаў. Ён спаслаўся на тэматыку сёлетняга форуму, звязаную з маральнымі выклікамі, якія стаяць перад моладдзю. Важна, каб маладое пакаленне адчувала адказнасць за сённяшні дзень і было архітэктарамі будучыні, лічыць Францішак.

Пантыфік адзначыў, што сучасная інтэлектуальная канцэпцыя, якая прадугледжвае асабістую рэалізацыю і пошук прызнання, часта не прадугледжвае карысці бліжняга. “Давайце паглядзім на свет з іншага пункту гледжання і адкрыемся без страху для іншага і адрознага”, - заклікаў ён і запрасіў студэнтаў быць талерантнымі і гасціннымі.

Францішак звярнуў сваю ўвагу і на ролю выкладчыкаў і студэнцкіх душпастыраў. Ён заклікаў іх “выхоўваць у моладзі любоў да Евангелля, жаданне жыць канкрэтна”. “Важна, каб час, праведзены за мяжой стаў магчымасцю для асобаснага і інтэлектуальнага росту студэнтаў, быў адпраўной кропкай для іх вяртання ў краіну паходжання, каб там прапанаваць свой кваліфікаваны ўнёсак і рэалізаваць унутранае імкненне несці радасць Добрай Навіны”, - сказаў Святы Айцец. Ён лічыць, што сёння патрэбна адукацыя, якая вучыць крытычнаму мысленню і дапамагае развіццю ў каштоўнасцях.

Са свайго боку, кампаніі і фірмы закліканы прапанаваць новым пакаленням жыццяздольныя магчымасці ў галіне занятасці, пазбягаючы так званай “уцечкі мазгоў”. Балюча, калі маладыя спецыялісты пакідаюць сваю краіну, таму што не маюць дастатковых магчымасцяў прафесійнай рэалізацыі.

З’яўленне ўсё большай і большай колькасці замежных студэнтаў Пантыфік звязаў з феноменам глабалізацыі, што можа даць станоўчыя вынікі і зрабіць свет больш чалавечным, а таксама паспрыяць з’яўляенню “новых евангелізатараў”, гатовых заразіць свет радасцю Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.