2016-11-30 12:12:00

Францішак заклікаў маліцца за жывых і памерлых


Маліцца адно за аднаго, каб учынкі міласэрнасці ўсё больш і больш станавіліся ладам жыцця хрысціян, заклікаў Францішак 30 лістапада 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Завяршаючы цыкл катэхез аб учынках для душы і цела бліжняга Святы Айцец нагадаў аб хрысціянскім абавязку малітвы за жывых і памерлых. 

Пантыфік заўважыў, што з ім звязаны ўчынак міласэрнасці пахавання памерлых. Камусьці ён можа падавацца элементарным, але гэта не так. У многіх частках свету, дзе вядуцца войны, ёсць людзі, якія хаваюць памерлых, нават рызыкуючы ўласным жыццём, падкрэсліў Папа.

“Для хрысціян пахаванне – гэта акт спачування, але таксама вялікай веры. Мы кладзем у магілу целы нашых блізкіх з надзеяй на іх уваскрашэнне. Гэты абрад застаецца вельмі важным і асэнсаваным для нашага народу, і знаходзіць асаблівае рэха ў лістападзе – месяцы, галоўным чынам прысвечаным успаміну і малітве за памерлых”, - заўважыў Папа.

Гаворачы пра важнасць малітвы за памерлых Пантыфік заўважыў, што яна з’яўляецца праявай удзячнасці за іх сведчанне і ўчыненае імі дабро. Праз такую малітву вернікі давяраюць сваіх блізкіх Божай міласэрнасці.“Мы молімся з хрысціянскай надзеяй, каб яны былі з Ім у раі, чакаючы, калі сустрэнемся разам ў гэтай таямніцы любові, якую не разумеем, але ведаем, што яна праўдзівая, паколькі з’яўляецца абяцаннем, якое даў Езус”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак таксама нагадаў пра неабходнасць малітвы за жывых, уключанай у перспектыву веры ў еднасць святых.

“Гэта таямніца, што выяўляе прыгажосць міласэрнасці, якую нам адкрыў Езус. Еднасць святых, насамрэч, указвае на тое, што мы ўсе занураны ў Божае жыццё і жывем у Яго любові. Усе мы: жывыя і памерлыя, прабываем у еднасці, што значыць у супольнасці ахрышчаных, тых, хто насычаецца Целам Хрыста і з’яўляецца часткай вялікай Божай сям’і. Мы ўсе прыналежам да адной сям’і і таму молімся адно за аднаго”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што існуе мноста спосабаў малітвы: гэта можа быць простае благаслаўленне дзіцяці перад сном ці раніцай, малітва за хворых людзей, маўклівае заступніцтва ў цяжкіх сітуацыях. 

“Часам мы, як кажа св. Павел, “не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі”. Гэта Дух моліцца ў нас. Таму расчынім сэрцы, каб Святы Дух углядаючыся ў жаданні, якія носім глыбока ў сабе, мог іх ачысціць і прывесці да спаўнення. Папросім, каб для нас і для іншых заўсёды спаўнялася Божая воля, як у малітве “Ойча наш”, бо Яго воля несумненна з’яўляецца найбольшым дабром, дабром Нябеснага Айца, які нас не пакіне ніколі: маліцца і дазволіць, каб Дух маліўся ў нас”, - заклікаў Папа.

На заканчэнне сваёй катэхезы Францішак заўважыў, што на працягу Юбілейнага году пазнаёміў вернікаў з сваімі разважаннямі на тэму чатырнаццаці ўчынкаў міласэрнасці для душы і цела бліжняга. Пантыфік заклікаў несці міласэрнасць у свет гэтымі “чатырнаццаццю спосабамі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.