2016-11-29 14:14:00

Францішак прыме рэжысёра Марціна Скарсэзэ


30 лістапада 2016 г. раніцай Святы Айцец Францішак прыме на прыватнай аўдыенцыі амерыканскага рэжысёра Марціна Скарсэзэ, паведамілі 29 лістапада 2016 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Сустрэча будзе праходзіць у ватыканскім Апостальскім палацы.

Візіт сусветнавядомага кінатворцы ў Рым звязаны з закрытай прэм’ерай яго мастацкай стужкі пра езуітаў-місіянераў у Японіі. Паказ фільма “Маўчанне” (Silence) па рамане Сюсаку Энда, які зладзіла студыя “Paramount”, адбыўся 28 лістапада ў Папскім усходнім інстытуце.

“Маўчанне” – ключавая праца ў творчасці Энда. Галоўны герой твора – партугальскі святар-езуіт, які ў XVII стагоддзі прыбывае ў Японію ў якасці місіянера. Ён быў схоплены, падвергнуты катаванням і быў вымушаны на словах адмовіцца ад сваёй веры. Аднак у рэчаіснасці законнік працягвае сваю місію таемна.

Скарсэзэ імкнуўся зняць фільм на аснове кнігі японскага пісьменніка больш за 20 гадоў. Сусветная прэм’ера “Маўчання” пройдзе 23 снежня.








All the contents on this site are copyrighted ©.