2016-11-26 14:29:00

У Ватыкане ўручылі прэміі імя Ёзэфа Ратцынгера


Каталіцкі Касцёл будзе заўсёды ўдзячны Папе на пенсіі Бэнэдыкту XVI за яго плённае вучэнне, сказаў Францішак 26 лістапада 2016 г. падчас урачыстай цырымоніі ўручэння штогадовай прэміі імя Ёзэфа Ратцынгера, якая адбылася ў ватыканскім Апостальскім Палацы.

Цырымонія стала адначасова заключным пунктам праграмы VI Міжнароднага сімпозіума на тэму “Эсхаталогія: аналіз і перспектывы”, які адбываўся ў Рыме 25-26 лістапада 2016 г. па ініцыятыве “Фонда Ёзэфа Ратцынгера - Бэнэдыкта XVI”. Вітаючы удзельнікаў форума, Святы Айцец падкрэсліў, што тэма эсхаталогіі “займала вельмі значнае месца” ў вучэнні яго папярэдніка і з’яўляецца “фундаментальнай у разважаннях адносна сэнсу нашага жыцця і нашай гісторыі”.

Лаўрэатамі прэміі за 2016 г. сталі італьянскі тэолаг кс. Інас Біфі і грэчаскі праваслаўны тэолаг Ёаніс Курэмпелес.

Інас Біфі з’яўляецца сусветна вядомым літургістам, аўтарам соцень кніг і артыкулаў. Узнагароджаны Ратцынгераўскай прэміяй за збор твораў “Opera omnia”, з якога ўжо апублікавана 20 тамоў, астатнія рыхтуюцца да выдання, з фармулёўкай “за надзвычайнае служэнне Каталіцкаму Касцёлу і тэалагічнай культуры нашага часу”.

Ёаніс Курэмпелес працуе выкладчыкам кафедры тэалогіі Саланікійскага ўніверсітэта імя Арыстоцеля. Ён стаў першым прадстаўніком праваслаўнага веравызнання, узнагароджаным прэміяй імя Ёзэфа Ратцынгера, якая, па словах Францішка, з’яўляецца выразам удзячнасці за інтарэс, праяўлены да вучэння Бэнэдыкта XVI, і “заахвочваннем працягваць вывучаць плённасць сустрэчы паміж вучэннем Папы на пенсіі і праваслаўнай тэалогіяй”.

Імёны лаўрэатаў вызначыў Навуковы камітэт Фонда на чале з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардыналам Анджэла Амата.








All the contents on this site are copyrighted ©.