2016-11-26 13:39:00

Папа да эканомаў: не рэнтабельнасць, а вернасць харызмату


Эканоміка ніколі не бывае нейтральнай з этычнага і антрапалагічнага пунктаў гледжання: яна або спрыяе пабудове справядлівасці і салідарнасці, або правакуе сітуацыі ізаляцыі і адчужэння, нагадаў Францішак 26 лістапада 2016 г. у сваім пасланні, адрасаваным удзельнікам другога Эканамічнага сімпозіума, арганізаванага Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

На форум пад назвай “У вернасці харызмату пераасэнсаваць эканоміку” сабраліся каля 1000 генеральных эканомаў манаскіх супольнасцяў. Святы Айцец назваў гэтую тэму “жыццёва важнай”. “Справы, якія разглядае гэты сімпозіум, не з’яўляюцца толькі сродкам гарантавання ўстойлівасці ўласнага інстытута, але маюць дачыненне да плённасці харызмату”, - сказаў Святы Айцец. Не рэнтабельнасць з’яўляецца галоўным крытэрыем ацэнкі дзейнасці манаскай супольнасці, але адпаведнасць харызмату і місіі, нагадаў ён.

Усё гэта, на думку Францішка, прымушае паглядзець на фінансы праз прызму ўважлівага чытання Божага Слова і гісторыі. “У асобных выпадках праніклівасць можа параіць працягваць справу, якая вядзе да страт”, але “вяртае годнасць ахвярам адчужэння, слабым і кволым людзям: яшчэ не народжаным, бедным, хворым асобам сталага ўзросту, няпоўнаспраўным”, сказаў Папа. Ён заклікаў да пераадолення логікі індывідуалізма. 

Пераасэнсаванне эканомікі патрабуе праніклівасці, якая часта з’яўляецца рухам супраць цячэння, бо гаворка ідзе пра карыстанне грашыма, а не служэнне ім па якой бы то ні было прычыне, нават самай справядлівай і святой, падкрэсліў Францішак. Ён заклікаў законнікаў прасіць Бога аб вызваленні з духа функцыяналізму і пасткі сквапнасці, бо “крывадушнасць кансэкраваных асоб, якія жывуць, як багацеі, раніць свядомасць вернікаў і шкодзіць Касцёлу”.








All the contents on this site are copyrighted ©.