2016-11-26 14:53:00

Папа: бескарыслівае служэнне напаўняе жыццё сэнсам і радасцю


“Рухаючай сілай краіны” назваў папа Францішак маладых валанцёраў Нацыянальнай грамадзянскай службы Італіі, якіх 26 лістапада 2016 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане з нагоды 15-годдзя абвяшчэння закону аб афіцыйным зацвярджэнні гэтай структуры.

Па словах Пантыфіка, “праект салідарнага грамадства з’яўляецца мэтай любой грамадзянскай супольнасці, якая жадае быць справядлівай і братэрскай”. Пасіўнае дапушчэнне росту няроўнасці паміж слаямі насельніцтва, адсутнасць сацыяльнай падтрымкі ў адносінах да бедных і слабых людзей, прыняцце небяспечнай логікі пераўзбраення і растрата каштоўных сродкаў на набыццё зброі – ўсё гэта “шрамы нашага грамадства і нашай культуры”, “якія збядняюць жыццё не толькі забытых і дыскрымінаваных, але і тых, хто забывае і дыскрымінуе”. “Праз сваё служэнне вы пакліканы здзяйсняць прароцкую місію, якая б дэманстравала, што магчыма думаць і дзейнічаць інакш”, - звярнуўся Францішак да маладых людзей.

Святы Айцец падзякаваў за адукацыйныя і сацыяльныя ініцыятывы італьянскай Нацыянальнай грамадзянскай службы, а таксама за яе экалагічныя праекты. Папа нагадаў, што асаблівую ўвагу неабходна надаваць дапамозе бежанцам і мігрантам, памятаючы пра цесную сувязь паміж клопатам аб прыродзе і чалавеку. У гэтым кантэксце ён узгадаў і пацярпелых ад нядаўніх землятрусаў у цэнтральнай частцы Італіі, якія патрабуюць клопату і падтрымкі. 

Папа пажадаў маладым людзям, якія прысвячаюць свой час валанцёрскай дзейнасці, “ісці дарогай, якая напаўняе сэнсам і радасцю” іх жыццё, дзякуючы бескарысліваму служэнню, браць “у якасці ідэальнай мадэлі чалавечнасці Езуса”, які аддаў сваё жыццё за іншых.

Нацыянальная грамадзянская служба Італіі аб’ядноўвае шэраг арганізацый і асобных валанцёраў, якія супрацоўнічаюць у рэалізацыі праектаў у сферах сацыяльнай дапамогі, адукацыі, культурнай спадчыны, навакольнага асяроддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.