2016-11-25 12:39:00

Францішак: вечны праклён – гэта адчужэнне ад Бога


Вечным праклёнам з’яўляецца адчужэнне ад Бога, падкрэсліў папа Францішак 25 лістапада 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, Дому св. Марты. 

У апошнія дні літургічнага года Касцёл заклікае паразважаць над тэмай Апошняга суда і падрыхтоўкі да яго. У сувязі з гэтым, Папа падкрэсліў, што першым асуджаным з’яўляецца сатана, які ў Апакаліпсісе прадстае ў выглядзе змея, кінутатага ў бездань (Ап 20,2).

Менавіта сатана нясе падман у жыццё чалавека. “Прымушае цябе паверыць, што калі з’еш гэты яблык, будзеш як Бог. Прадае гэта, а ты набываеш, а ў выніку аказваешся абведзеным вакол пальца, падманутым, з разбураным жыццём”, - сказаў Папа.

Каб не здарылася падобным чынам, важна ніколі не ўступаць у дыялог з сатаной. Гэтаму вучыць сам Езус. “Што рабіў Езус з д’яблам? – Гнаў яго прэч. Пытаўся яго імя, але не вёў з ім дыялогу!”, - сцвердзіў Пантыфік і нагадаў, што 
падчас спакушэнне Хрыста ў пустыні, Езус ніколі не адказваў уласнымі словамі, на пытанні злога, паколькі “добра ўсведамляў небяспеку”. “У трох адказах, якія даў д’яблу, Ён бараніўся Божым словам”, - дадаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што на Апошнім судзе Пан будзе судзіць усіх: “і малых і вялікіх”. Сярод збаўленых будуць тыя, хто даваў сведчанне аб Хрысце і не пакланіўся д’яблу і яго паплечнікам: “грошам, марнасці, пыхлівасці”, даючы жыццё за гэта.

Асуджаныя ж будуць кінуты ў “возера вогненае”, якім з’яўляецца “другая смерць”. Такі вечны праклён, паводле Святога Айца, гэта не “зала катаванняў”, але адчужанасць ад Бога. У Божае Валадарства не будуць прынятыя тыя,хто “заўсёды ішоў сваім шляхам”, хто ўсцяж аддаляўся ад “Бога, Які дае шчасце” і “вельмі нас любіць”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў адкрыць сэрцы і, пакорна прымаючы прабачэнне Езуса, крочыць Яго шляхам, каб атрымаць радасць і вечнае збаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.