2016-11-24 12:28:00

Літургічныя спевы на індзейскіх мовах прагучаць у Ватыкане


Падчас св. Імшы ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай, якую 12 снежня 2016 г. папа Францішак будзе цэлебраваць у ватыканскай базыліцы разам з лацінаамерыканскімі іерархамі і святарамі, прагучаць літургічныя спевы на мовах карэнных індзейскіх народаў: ацтэкаў, кечуа, мапуке, гуарані. Папярэднічаць літургіі будзе ружанцовая малітва і працэсія са сцягамі краін, сярод якіх Маці Божая Гвадэлупская карыстаецца асаблівай пашанай.

Эўхарыстыю з гэтай нагоды Францішак цэлебруе ў базыліцы св. Пятра на працягу апошніх трох гадоў. Упершыню св. Імша ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай прайшла ў галоўнай каталіцкай святыні ў 2011 г. Бэнэдыкт XVI узначаліў яе ў рамках святкавання 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі. Тады літургію ўпрыгожвала знакамітая “Misa Creola” (Крэольская Імша), напісаная аргентынскім кампазітарам Арыэлем Рамірасам. 

Падчас мінулагодняй Эўхарыстыі Францішак абвясціў аб сваім Апостальскім падарожжы ў Мексіку. Яно прайшло 12-18 лютага 2016 г. У рамках гэтай пілігрымкі Папа здзейсніў гістарычны візіт у санктуарый Маці Божай Гвадэлупскай. 








All the contents on this site are copyrighted ©.