2016-11-23 12:10:00

Эсхаталогія – тэма кангрэса тэалогіі Бэнэдыкта XVI


Эсхаталогія стане цэнтральнай тэмай штогадовага кангрэса тэалогіі Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI. Яна ў апошнія гады асабліва часта гучала ў навучанні Папы на пенсіі, падкрэсліў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік ватыканскага “Фонду Бэнэдыкта XVI”. Гаворка ідзе ў першую чаргу аб часта забытых сёння апошніх рэчах чалавека з катэхізіса: смерці, Божым судзе, пекле ці раі.

Святар адзначыў, што Бэнэдыкт XVI вярнуў у свядомасць вернікаў гэтую канчатковую рэальнасць, сярод іншага, у энцыкліцы пра надзею “Spe Salvi”. Вельмі асабіста ён таксама кажа пра гэта ў сваёй нядаўняй кнізе-інтэрв’ю.

Штогадовы кангрэс тэалогіі Папы на пенсіі будзе праходзіць на гэты раз у Папскім універсітэце Святога Крыжа. У ім возьмуць удзел таксама два рабіны. Як адзначыў кс. Ламбардзі, Бэнэдыкт XVI надае вялікае значэнне такім сустрэчам, паколькі яны ўносяць ўклад у адраджэнне тэалогіі.

“Падчас нашай апошняй размовы, Бэнэдыкт XVI сказаў словы, якія мяне вельмі ўразілі: “Мы павінны падтрымліваць развіццё тэалогіі знутры”. Гаворка аб тым, што тэалогія развіваецца і ўмацоўваецца, знаходзіць новую перспектыву, калі адказвае на сваё пакліканне, якое з’яўляецца адлюстраваннем веры ў Касцёле глыбокім і “касцёльным” чынам. Тэалогіі не дапаможаш выкарыстаннем знешніх сродкаў і кіруючых прынцыпаў дысцыплінарнага характару. Трэба дапамагчы, каб яна сама ў кантэксце свайго паклікання адкрыла прыгажосць служэння Касцёлу і веры, каб ведала, што можа быць плённай”, - сказаў Ватыканскаму радыё кіраўнік “Фонду Бэнэдыкта XVI”.








All the contents on this site are copyrighted ©.