2016-11-23 11:38:00

Папа: адукацыя, гэта асаблівая форма евангелізацыі


Францішак нагадаў пра важнасць адукацыйнай і катэхетычнай дзейнасці для Касцёла, дабра грамадства і канкрэтных людзей. Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 23 лістапада 2016 г. ён падзяліўся разважаннямі адносна двух учынкаў міласэрнасці: “раіць тым, хто сумняваецца” і “вучыць тых, хто не ведае”.

Пантыфік заўважыў, што яны могуць здзяйсняцца ў асабістым і сямейным кантэкстах, але і больш шырокім: напрыклад, праз пашырэнне пісьменнасці і адукаванасці. Ён нагадаў пра мноства дзяцей, якія працягваюць пакутаваць ад адсутнасці гэтага. “Сітуацыя вялікай несправядлівасці, якая тычыцца годнасці асобы. Без адукацыі людзі лёгка становяцца ахвярамі эксплуатацыі і розных форм сацыяльных бедстваў”, - падкрэсліў Францішак.

Ён адзначыў, што на працягу стагоддзяў Каталіцкі Касцёл шмат рабіў для пашырэння адукаванасці, асабліва сярод самых бедных. “Мы маем цэлы спіс святых, якія ў розныя эпохі неслі пісьменнасць найбольш патрабуючым, ведаючы што так змогуць перамагчы беднасць і дыскрымінацыю”, - дадаў ён.

“Гэтыя піянеры адукацыі глыбока зразумелі дадзены ўчынак міласэрнасці і зрабілі яго сваім ладам жыцця, здолеўшы змяніць само грамадства. Дзякуючы сваёй простай працы і невялікай колькасці структур, яны вярнулі годнасць мноству людзей! Адукацыя, якую яны давалі, была часта арыентавана на працу. (...) Такім чынам узніклі многія віды прафесійных навучальных устаноў, якія рыхтавалі да працы і адначасова вучылі чалавечым і хрысціянскім каштоўнасцям. Таму адукацыя, гэта асаблівая форма евангелізацыі”, - падкрэсліў Пантыфік. 

Папа нагадаў, што добрае выхаванне вучыць крытычнаму метаду, які ўключае ў сябе пэўнага роду сумнеў, карысны для таго, каб ставіць пытанні і правяраць дасягнутыя вынікі, з мэтай паглыблення ведаў.

“Але ўчынак міласэрнасці “раіць тым, хто сумняваецца” не тычыцца гэтага віду сумневу. Праяўляць міласэрнасць да тых, хто сумняваецца, значыць суцяшаць боль і пакуты, якія нараджаюцца ад страху і трывогі – наступстваў сумневу. Таму ён з’яўляецца ўчынкам сапраўднай любові, якім жадаем падтрымаць асобу, што знаходзіцца ў стане слабасці, выкліканай няўпэўненасцю”, - патлумачыў ён. 

Францішак падкрэсліў, што сумнеў павінен пераадольвацца, і для гэтага, паводле яго, існуе два шляхі. 

“Трэба слухаць Божае слова і разумець, чаму яно вучыць. Адным з важных шляхоў, які вельмі дапамагае ў гэтым, з’яўляецца катэхізацыя, дзякуючы якой абвяшчэнне веры выходзіць нам насустрач у канкрэтнасці асабістага і калектыўнага жыцця. У той жа час, існуе іншы, таксама важны шлях, які заключаецца ў тым, каб, наколькі магчыма, жыць верай. Не будзем рабіць з веры абстрактнай тэорыі, якая памнажае сумнеў. Зробім з веры наша жыццё. Будзем імкнуцца практыкаваць яе ў служэнні братам, асабліва самым патрабуючым. Тады шматлікія форму сумневу знікнуць, бо адчуем прысутнасць Бога і праўду Евангелля ў любові, якая без нашых заслугаў жыве ў нас, і якой мы дзелімся з іншымі”, - заклікаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што ўчынкі міласэрнасці “раіць тым, хто сумняваецца” і “вучыць тых, хто не ведае” вельмі блізкія да жыцця кожнага з вернікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.