2016-11-22 12:02:00

Францішак: смерць не палохае верных Пану


Вернасць Пану не прынясе расчаравання і нават у момант смерці і Апошняга суду, тым, хто яе захавае, няма чаго баяцца, падкрэсліў Святы Айцец 22 лістапада 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

Каментуючы літургічны ўрывак з кнігі Апакаліпсіса св. Яна (Ап 14,14-19) аб надыходзе Апошняга суда, Францішак заўважыў, што людзям не падабаецца думаць пра смерць. Тым не менш яна пасцігне кожнага, таму варта паразважаць, “які след пакіне наша жыццё” і што скажам Пану падчас сустрэчы з Ім.

“Будзе карысна падумаць: “Якім будзе дзень, калі прадстану перад Езусам? Калі Ён спытае пра таленты, якімі мяне адарыў: што я зрабіў з імі? Калі спытае, якім было маё сэрца, калі ў яго падала зерне: ці не было яно як дарога або церні, як у прыпавесцях пра Божае Валадарства? Як я прымаў Слова? Ці з адкрытым сэрцам? Ці дапамог яму расквітнець дзеля дабра ўсіх ці схаваў яго?”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на словы св. Лукі, Францішак заклікаў вернікаў не дазволіць “звесці сябе”, турбуючыся пра павярхоўныя рэчы і жывучы так, “нібыта ніколі не памрэм”.

“Я памятаю з маленства на катэхізацыі нас вучылі чатыром тэмам: смерці, суда, пекла і хвалы. Пасля суду існуюць гэтыя магчымасці. Хтосьці казаў: “Ойча, гэта каб напалохаць нас?”. Не, так будзе сапраўды! Таму што калі не дбаеш пра сэрца, таму што калі Пан знаходзіцца побач з табой, а ты заўсёды жывеш далёка ад Яго, існуе небяспека пастаннага аддалення ад вечнасці Пана! Гэта вельмі кепска!”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў захоўваць вернасць Богу, каб не баяцца смерці. “Вернасць Пану не расчаруе. Калі кожны з нас будзе верным Пану, у час прыйсця смерці, скажам, як Францішак: “Сястра смерць, прыходзь”. Яна не будзе нас палохаць. А калі наступіць дзень Апошняга суда, мы паглядзім на Пана і скажам: “Пане, маю шмат грахоў, але я імкнуўся быць верным”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Пантыфік нагадаў, што Бог – добры і тым хто захавае вернасць аж да смерці дасць вянок вечнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.