2016-11-21 15:45:00

Ватыканскі іерарх: Папа не змягчае цяжар граху аборту


Каля 950 млн. чалавек на працягу Года Міласэрнасці прайшлі праз Святыя Дзверы, адчыненыя ва ўсіх дыяцэзіях свету, распавёў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі 21 лістапада 2016 г. падчас прэзентацыі ў Ватыкане Апостальскага ліста папы Францішка “Misericordia et misera”. 

Кажучы пра рашэнне Пантыфіка дазволіць усім святарам адпускаць грэх аборту, арцыбіскуп Фізікела заўважыў, што Папа не імкнецца змягчыць яго цяжар, але нагадвае, што “не існуе такога граху, якога Божая міласэрнасць не можа дасягнуць і знішчыць, калі знаходзіць сэрца, якое каецца і просіць аб прымірэнні з Нябесным Айцом”. Ватыканскі іерарх лічыць, што ўнесеныя Францішкам змены, будуць адлюстраваны ў Кодэксе кананічнага права Касцёла. 

Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі адзначыў каштоўнасць дзейнасці Місіянераў міласэрнасці падчас Юбілейнага году ў многіх краінах свету. Галоўным чынам яна праявілася ў служэнні ў канфесіяналах.

Арцыбіскуп Фізікела назваў “працягнутай рукой” Брацтву св. Пія Х рашэнне Пантыфіка аб далейшым прызнанні сапраўднасці і годнасці прабачэння грахоў, атрыманага падчас споведзі ў святароў з гэтай супольнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.