2016-11-20 13:38:00

Папа падзякаваў за арганізацыю Юбілея Міласэрнасці


Францішак падзякаваў усім, хто прычыніўся да ажыццяўлення Юбілею Міласэрнасці, у тым ліку ўладам Італіі і Папскай радзе па новай евангелізацыі. У кароткай прамове перад малітвай “Анёл Панскі” 20 лістапада 2016 г. на плошчы св. Пятра Пантыфік заклікаў маліцца ў інтэнцыі кляўзуровых законніц. “На заканчэнне гэтай цэлебрацыі мы ўзносім Богу хвалу і падзяку за дар, якім быў Святы Год Міласэрнасці для Касцёла і для многіх людзей добрай волі. Я з вялікай павагай вітаю Прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі і афіцыйныя дэлегацыі, тут прысутныя. Выказваю глыбокую падзяку кіраўнікам ўрада Італіі і ўстановам краін за іх супрацоўніцтва і шчодрыя высілкі. Вялікі дзякуй кірую да праваахоўных органаў, да працаўнікоў службаў, якія прымалі пілігрымаў і работнікаў аховы здароў'я, а таксама да валанцёраў усіх узростаў і паходжання. У прыватнасці дзякую Папскай радзе па новай евангелізацыі, і тым, хто супрацоўнічаў у розных мерапрыемствах.

Маю падзяку кірую да тых, хто духоўна спрыяў поспеху Юбілею: думаю пра многіх пажылых і хворых людзей, якія няспынна маліліся, ахвяроўваючы свае пакуты таксама ў інтэнцыі Юбілею. Асаблівым чынам хачу падзякаваць кляўзуровым законніцам напярэдадні Дня “Pro Orantibus”, які будзе адзначацца заўтра.

Заклікаю ўсіх спецыяльна памятаць пра гэтых нашых законніц, якія цалкам прысвечаюць сябе малітве, і якія маюць патрэбу ў духоўнай і матэрыяльнай салідарнасці.

Учора ў Авіньёне, Францыя, быў абвешчаны бласлаўлёным айцец Марыя-Яўген ад Дзіцятка Езуса, заснавальнік свецкага ордэна босых кармэлітаў " Маці Божай Жыцця", Божы чалавек, які быў ўважлівым да духоўных і матэрыяльных патрэб бліжняга. Няхай яго прыклад і яго заступніцтва падтрымлівае наша падарожжа веры.

Сардэчна вітаю вас ўсіх, што прыбылі з розных краін свету на закрыццё Святых Дзвярэй ў базыліцы св. Пятра.  Няхай Панна Марыя дапаможа нам ўсім захаваць у сэрцы і зрабіць плённымі духоўныя дары Юбілею Міласэрнасці.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.