2016-11-19 09:54:00

Францішак: збаўленне душаў – галоўнае заданне Касцёла


Збаўленне душаў, гэта найвышэйшае дабро, якім трэба кіравацца ў душпастырскай практыцы, нагадаў Францішак біскупам з розных краін свету, якія прынялі ўдзел у фармацыйным курсе, прысвечаным новым нормам “сужэнскага працэсу”. Форум быў арганізаваны 17-19 лістапада 2016 г. Трыбуналам Рымскай Роты. Святы Айцец сустрэўся з яго ўдзельнікамі вечарам 18 лістапада.

Пантыфік заклікаў іерархаў захоўваць “вернасць евангельскаму абвяшчэнню” і быць здольнымі “актуалізаваць пасланне Езуса”, каб канкрэтным, а не павярхоўным чынам адказваць на патрэбы і пытанні сучаснага чалавека. Паводле Папы, трэба рашуча адмовіцца ад усіх перашкодаў марнага характару, якія робяць складаным доступ да касцёльных судоў для вялікай колькасці вернікаў. “Пытанні эканамічнага і арганізацыйнага характару не могуць з’яўляцца перашкодай для кананічнага дазнання адносна сапраўднасці сужэнства”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што касцёльныя судовыя ўстановы павінны ўлічваць той факт, што найвышэйшым дабром у Касцёле з’яўляецца збаўленне душаў. Яно павінна быць мэтай Кодэкса Кананічнага Права, “апошнім словам, якое пераўзыходзіць само права”, указваючы такім чынам на “гарызонт міласэрнасці”.

Касцёл – гэта Маці, якая прымае і любіць усіх, па прыкладзе Добрага Самараніна. “Касцёл уцелаўлёнага Слова, “уцелаўляецца” у смутныя і балючыя гісторыі людзей, пахіляецца над беднымі і тымі, якія далёка ад касцёльнай супольнасці або самі лічаць, што знаходзяцца за яе межамі па прычыне сваёй паразы ў сужэнстве. Але яны ёсць і застануцца ўключанымі ў Касцёл праз хрост”, - сказаў Папа. 

Ён заклікаў біскупаў спаўняць заданне даверанае ім Хрыстом, “Божым Пастырам, лекарам і суддзёй душаў”, якое заключаецца ў тым, каб ніколі не лічыць такіх людзей чужымі ў Целе Хрыста, якім з’яўляецца Яго Касцёл. 








All the contents on this site are copyrighted ©.