2016-11-19 12:38:00

Папа да новых кардыналаў: вірус варожасці раніць Касцёл


Шлях да Неба пачынаецца на “раўніне”, у сустрэчы з турботамі і цяжкасцямі людзей, падкрэсліў Святы Айцец падчас кансісторыя па наданні кардынальскай годнасці, які прайшоў 19 лістапада 2016 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

У сваёй гаміліі Папа спасылаўся на заклік Езуса Хрыста (Лк 6,27-36) да здзейснення чатырох учынкаў, здольных дапамагчы пакліканню Яго вучняў набыць канкрэтную форму ў штодзённасці існавання. Ён кажа: “любіце”, “рабіце дабро”, “благаслаўляйце” і “маліцеся”, прычым не толькі за сяброў, але таксама і “ворагаў вашых”, “хто вас ненавідзіць”, “праклінае”, “крыўдзіць”. 

“Мы знаходзімся перад абліччам адной з найбольш характэрных рысаў паслання Езуса, у якой схавана яго сіла і таямніца; з якой паходзіць крыніца нашай радасці, сіла нашай місіі і абвяшчэнне Добрай Навіны. Вораг – гэта той, каго трэба любіць. У сэрцы Езуса няма ворагаў, а ёсць толькі дзеці. Мы ўзносім муры, будуем бар’еры і класіфікуем людзей. Бог жа мае дзяцей і не для таго, каб ад іх пазбаўляцца”, - сказаў Папа.

Паводле слоў Францішка, Божая любоў пазначана “смакам вернасці да людзей”. Яна з’яўляецца любоўю бацькоў, якія не пакідаюць сваіх дзяцей, нават калі тыя памыляюцца. 

“Наш Айцец не чакае пакуль свет стане добрым, каб палюбіць яго, не чакае пакуль станем больш справядлівымі і дасканалымі. Ён нас любіць, бо выбраў для гэтага. Ён нас любіць, бо даў нам статус дзяцей. Ён палюбіў нас калі мы былі Ягонымі ворагамі. Безумоўная любоў Айца да ўсіх – гэта стан і сапраўдная патрэба для навяртання нашага беднага сэрца, якое імкнецца асуджаць, раздзяляць, супрацьпастаўляць і выносіць выракі. Веданне таго, што Бог працягвае любіць нават тых, хто ад Яго адмаўляецца – гэта бязмежная крыніца даверу і стымул для місіі. Ніводная брудная рука не можа перашкодзіць таму, каб Бог уклаў ў яе жыццё, якім хоча нас адарыць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ў сучасным свеце з лёгкасцю называюцца “ворагамі” мігранты і бежанцы, людзі з іншым колерам скуры, іншай мовай,  іншым сацыяльным статусам, іншымі поглядамі і веравызаннем. 

“Паступова адметнасці перамяняюцца ў сімптомы варожасці, пагрозаў і насілля. Колькі ран узнікае з-за гэтай эпідэміі варожасці і насілля, якая адбіваецца на целе тых, якія не маюць голасу, бо іх крык аслаб і звёўся да маўчання па прычыне гэтай паталогіі абыякавасці! Колькі сітуацый нестабільнасці і пакут узнікае з-за росту варожасці паміж народамі, паміж намі! Так, паміж намі, унутры нашых супольнасцяў, нашых прэзбітэрыяў, нашых сустрэч. Вірус палярызацыі і варожасці пранізвае нашы думкі, пачуцці і ўчынкі. Мы не абароненыя ад гэтага і павінны быць пільнымі, каб гэта пастава не заняла нашы сэрцы, бо будзе супярэчыць багаццю і паўсюднасці Касцёла, да якога можа дакрануцца ў гэтай Калегіі кардыналаў. Мы паходзім з далёкіх земляў, маем розныя звычаі, колеры скуры, мовы і сацыяльныя ўмовы. Мы па рознаму думаем і нават цэлебруем веру ў розных абрадах. Але нішто з гэтага не робіць нас ворагамі, а наадварот, з’яўляецца адным з нашых самых вялікіх багаццяў”, - сказаў Папа.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец заклікаў новых пурпуратаў адказаць на запрашэнне Хрыста, які кліча выйсці да людзей, ахвяраваць жыццём падтрымліваючы ў іх надзею, глядзець на раны мноства братоў і сясцёр, пазбаўленых годнасці, быць міласэрнымі, як Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.