2016-11-18 14:52:00

Францішак сустрэнецца ў Мілане з мігрантамі і вязнямі


Падчас запланаванага на сакавік пастырскага візіту ў Мілан, Францішак мае намер сустрэцца з людзьмі з перыферый грамадства. Першымі стануць дзве сям’і з шматпавярховікаў ва ўсходняй частцы горада. Гэта вынікае з праграмы, апублікаванай 17 лістапада 2016 г. Міланскай архідыяцэзіяй.

Затым Пантыфік сустрэнецца з прадстаўнікамі цыган, а таксама мігрантамі і членамі мусульманскай супольнасці. Пасля наведвання некалькіх камер турмы Сан-Віторыа, Святы Айцец паабедае са зняволенымі.

Сустрэча з жыхарамі Мілана адбудзецца каля поўдня на плошчы перад катэдрай. Перад гэтым Францішак наведае сабор, каб памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і прамовіць да прысутнага ў храме духавенства архідыяцэзіі; ён адкажа таксама на пытанні святароў.

У другой палове дня, Пантыфік узначаліць св. Імшу. на былым іпадроме ў Монце, а затым – на футбольным стадыёне Сан-Сіра – сустрэнецца з маладымі людзьмі, якія рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі.

Аднадзённы візіт Францішка ў Мілан прызначаны на 25 сакавіка 2017 г. Архідыяцэзія з 5 мільёнамі католікаў з’яўляецца найбольш важнай у Італіі пасля Рыма. Апошнім Пантыфікам, які наведаў Мілан быў Бэнэдыкт XVI. Гэта адбылося 1-3 чэрвеня 2012 г. з нагоды Сусветнай сустрэчы сем’яў.








All the contents on this site are copyrighted ©.