2016-11-18 11:31:00

Старшыня “Caritas”: пакуты ёсць, і мы павінны на іх адказаць


Недастатвова толькі заўважаць пакуты – на іх неабходна адпаведным чынам рэагаваць, адзначыў кардынал Луіс Антоніа Тагле, старшыня “Caritas Internationalis”, разважаючы над місіяй і вынікамі дзейнасці каталіцкай дабрачыннай арганізацыі на працягу Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці.

“Брамы Міласэрнасці зачыняюцца, але сэрца Пана не зачыняецца ніколі”, - сказаў іерарх. Бачыць сэрца Езуса заўсёды адкрытым – гэта і ёсць, па яго словах, ласка Года Міласэрнасці. Сэрца Езуса – гэта дарога да сустрэчы з беднымі, і наадавот, дадаў кардынал Тагле. Гэта духоўнасць, “якая зведваецца ў штодзённым жыцці”. “Крочым з Езусам да бедных і з беднымі – да Езуса. Для мяне гэта і ёсць жаданы вынік Года Міласэрнасці”, - падкрэсліў кіраўнік “Caritas Internationalis”.

У лагерах бежанцаў у Грэцыі і Ліване, у цэнтрах зняволення нелегальных мігрантаў на Блізкім Усходзе, сярод пацярпелых ад землятрусаў у Японіі ці ў цэнтральнай частцы Італіі – аблічча пакут усюды аднолькавае, адзначыў кардынал Тагле. “Недастатвова таго, каб біскуп, душпаспастр ці “Caritas” заўважалі пакуты. Пакуты ёсць, і мы павінны на іх адпаведным чынам адказваць”, - сказаў іерарх. Сваёй асабістай місіяй і задачай “Caritas” філіпінскі кардынал назваў здольнасць “бачыць знакі надзеі”. “Аднаўляць жыццё, надзею і веру ў маладых людзях – гэта так цудоўна!” – падкрэсліў іерарх.

Дарэчы, сёння, 18 лістапада 2016 г., у рэдакцыі італьянскага езуіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica” адбудзецца прэзентацыя аўтабіяграфічнай кнігі кардынала Луіса Антоніа Тагле “Я навучыўся ад апошніх. Маё жыццё, мае надзеі”, у якой аўтар расказвае пра асабісты лёс і дзеліцца досведам служэння на карысць людзей і Каталіцкага Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.