2016-11-17 11:49:00

Святы Айцец: не прапусціць моманту прыходу Бога


Папа Францішак заклікаў вернікаў быць пільнымі, каб не прапусціць моманту, калі Бог прыйдзе да іх. З адмысловым заклікам Святы Айцец звярнуўся 17 лістапада 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак (Лк 19,41-44), у якім Езус заплакаў над Ерузалемам, які не здолеў пазнаць “часу адведзінаў сваіх”.

Паводле Папы, Езус плача, таму што памятае гісторыю Ізраэля: з аднаго боку, гэта гісторыя бязмежнай і нават “шалёнай” любові Бога, а з іншага “эгаістычнага, недаверлівага, ідалапаклонскага адказу” народа. Францішак перакананы, што боль Хрысту прычыняе менавіта гэта “гісторыя нявернасці”, гісторыя “нераспазнання пяшчотных жэстаў Бога, любові закаханага Бога”, які шукае свой народ, наведвае яго, каб зрабіць шчаслівым.

Гэта адбывалася не толькі ў даўняй гісторыі і не завяршылася з зямным жыццём Езуса, заўважыў Папа і дадаў, што гэта драма кожнага чалавечага дня. “Кожны з нас можа спытаць: “Ці здольны я распазнаць момант, калі Пан наведаў мяне. Ці наведвае мяне Бог?”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што кожны вернік можа сутыкнуцца з падобным “грахом Ерузалема”. Пан прыходзіць штодня і “стукае ў нашы дзверы”, і таму трэба быць уважлівымі, вучыцца распазнаваць Яго прысутнасць, рэгулярна здзяйсняючы рахунак сумлення адносна ўмення заўважыць Бога ў сваім жыцці і адказаць на Яго запрашэнне, параіў Папа падчас ранішняй св. Імшы.








All the contents on this site are copyrighted ©.