2016-11-17 15:50:00

Папа: бізнес можа быць практыкаваннем міласэрнасці


Бізнес можа быць практыкаваннем міласэрнасці, падкрэсліў Святы Айцец падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі Асацыяцыі хрысціянскіх прадпрымальнікаў. Сустрэча з Папам прайшла 17 лістапада 2016 г. у Ватыкане з удзелам каля 500 бізнесменаў з амаль 40 краін свету.

У сваёй прамове Францішак падкрэсліў, што камерцыйныя прадпрыемствы павінны існаваць не толькі для таго, каб прыносіць грошы, але каб служыць . “Грошы не маюць нейтральнай каштоўнасці; яны набываюць яе згодна з тым, для чаго і як расходуюцца”, - дадаў Папа. На яго думку, тэрмінова важна, каб фінансавыя структуры і банкі адчулі сваю сацыяльную адказнасць і падтрымлівалі сем’і, бедных і розныя віды дзейнасці, якія спрыяюць дабрабыту грамадства. У тым ліку, фінансаванне бедных краін не павінна ператварацца ў іх эксплуатацыю.

Святы Айцец закрануў таксама праблему карупцыі, якую назваў “найгоршай ранай грамадства”. Ён асудзіў імкненне да прыбытку пад выглядам грамадскага служэння, а таксама нагадаў, што карупцыя спрыяе такім феноменам, як наркатрафік, прастытуцыя, рабства, гандаль людзьмі, чалавечымі органамі і зброяй.

Пантыфік пажадаў, каб камерцыйныя прадпрыемствы былі “супольнасцямі працы”, дзе пануе братэрская павага паміж усімі работнікамі і кіраўніцтвам. 

Аўдыенцыя для членаў Асацыяцыі хрысціянскіх прадпрымальнікаў прайшла ў рамках міжнароднай канферэнцыі на тэму інклюзіўнай эканомікі, якая была арганізавана ў Ватыкане ў рамках Году Міласэрнасці па ініцыятыве Папскай рады “Iustitia et pax”.








All the contents on this site are copyrighted ©.