2016-11-17 15:16:00

Пантыфік да кіраўніцтва “Caritas”: вучыцеся ў бедных


Францішак нагадаў пра прыярытэтную ўвагу Касцёла да бедных, якая падштурхоўвае дзейнічаць супраць адчужэння самых слабых членаў грамадства. Аб гэтым ён казаў падчас сустрэчы з кіраўніцтвам “Caritas Internationalis”, якая прайшла 17 лістапада 2016 г. у Клементыйскай зале Апостальскага палацу Ватыкана.

Папа нагадаў, што Касцёл існуе для евангелізацыі, якая “патрабуе адаптацыі да розных сітуацый, беручы пад увагу сямейнае, сацыяльнае, міжнароднае жыццё, з асаблівай увагай да праблем міру, справядлівасці і развіцця”. “У нашых грамадствах, насамрэч, часта пануе культура адчужэння. Ім неабходна перамагчы абыякавасць і засяроджанасць на саміх сабе, каб навучыцца мастацтву салідарнасці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што “Caritas” – гэта не проста дабрачынная арганізацыя, але “касцёльная структура, якая ўдзельнічае ў місіі Касцёла”. Яна паклікана “праз прызму Евангелля і навучання Касцёла дапамагаць ззяць любові і справядлівасці ў свеце, заахвочваючы саміх бедных станавіцца героямі ўласнага развіцця”. Па словах Францішка, “беднасць, голад, хваробы, прыгнёт – не з’яўляюцца фатальнай з’явай” і не павінны існаваць заўсёды. “Давяраючы сіле Евангелля, мы можам па-сапраўднаму паспрыяць пераменам або прынамсі паляпшэнню спраў”, - дадаў ён.

Пантыфік заклікаў кіраўніцтва каталіцкай дабрачыннай арганізацыі змагацца з усім, што прыніжае чалавека, а таксама працягваць рабіць малыя і вялікія жэсты гасціннасці і салідарнасці, якія маюць здольнасць несці святло ў жыццё дзяцей і старых, мігрантаў і бежанцаў, якія шукаюць міру. 

“Будзьце будаўнікамі міру і паяднання паміж народамі, супольнасцямі, вернікамі. Задзейнічайце ўсе вашыя сілы, вашыя намаганні, каб працаваць ў сугуччы з іншымі супольнасцямі веры, якія, як і вы, ставяць годнасць чалавека ў цэнтр сваёй увагі. Змагайцеся супраць беднасці, і ў той жа час, вучыцеся ў бедных”, - заклікаў у сваёй прамове Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.