2016-11-16 11:19:00

Святы Айцец скіраваў да епіскапата ЗША відэа-пасланне


Неабходнасць стварэння “культуры сустрэчы”, стала тэмай відэа-паслання Францішка, адрасаванага епіскапату Злучаных Штатаў, які сабраўся на сваё пленарнае пасяджэнне ў Балтыморы, штат Мэрыленд.

Святы Айцец нагадаў, што год таму пабываў у ЗША, дзе на ім вялікае ўражанне зрабіла жыццяздольнасць і разнастайнасць каталіцкай супольнасці. “На працягу ўсёй гісторыі Касцёл у вашай краіне прыняў і інтэграваў некалькі хваляў імігрантаў. У шырокім дыяпазоне сваіх моў і культурных традыцый яны сфарміравалі дынамічнае аблічча Касцёла ў Амерыцы”, - узгадаў Папа. У гэтым кантэксце Святы Айцец выказаў сваю ўдзячнасць за Пятую душпастырскую сустрэчу іспанамоўных католікаў, якая пройдзе ў амерыканскіх дыяцэзіях ў студзені 2017 г. і завершыцца ў верасні 2018 г. нацыянальным форумам.

Папа адзначыў, што гэта падзея з’яўляецца не толькі выразам удзячнасці за ўклад іспанамоўных вернікаў, але і часткай больш шырокага працэсу абнаўлення і місійнага дынамізму ў мясцовых Касцёлах. “Наша вялікая задача складаецца ў тым, каб стварыць “культуру сустрэчы”, што заахвоціць асобных людзей і групы дзяліцца багаццем традыцый і досведу для таго, каб сцерці муры і будаваць масты. Касцёл у Амерыцы, а таксама ў іншых месцах, закліканы да “выхаду” з зоны камфорту і быцця закваскай камуніі. Камуніі паміж намі, з хрысціянамі іншых канфесій, а таксама ўсімі, хто шукае будучыні надзеі”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што католікі павінны быць больш і больш супольнасцю вучняў-місіянераў, напоўненых любоўю да Хрыста і энтузіязмам у распаўсюдзе Евангелля. “Хрысціянская супольнасць павінна быць знакам і прароцтвам Божага плану для ўсяго чалавецтва. Мы пакліканы быць вестунамі Добрай Навіны ў грамадстве, якое адчувае трывожныя сацыяльныя, культурныя і духоўныя змены, а таксама рост палярызацыі”, - сказаў ён.

Святы Айцец заклікаў біскупаў ЗША да разважання над тым, як мясцовыя Касцёлы найлепшым чынам могуць рэагаваць на нарастаючую прысутнасць і патэнцыял лацінаамерыканскай супольнасці. Ён выказаў надзею на тое, што сустрэча ў Балтыморы дапаможа абнаўленню амерыканскага грамадства і апостальскай дзейнасці Касцёла ў Злучаных Штатах.








All the contents on this site are copyrighted ©.