2016-11-15 11:41:00

Папа: “цёплыя” хрысціяне падманліва бестурботныя


Быць уважлівымі, каб не стаць “цёплымі” хрысціянамі і згубіць з поля зроку Хрыста, заклікаў вернікаў Пантыфік 15 лістапада 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на літургічны ўрывак з Апакаліпсіса святога Яна (Ап 3,1-6.14-22), у якім Пан кажа суровыя словы ў адрас тых, хто “не гарачы і не халодны”, абяцаючы “выплюнуць” такіх з вуснаў сваіх.

Па словах Францішка, Бог асуджае падманлівую бестурботнасць “цёплых” хрысціян. “Як думае “цёплы”? Аб гэтым Пан кажа тут: ён думае, што багаты. “Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы”. Гэта бестурботнасць падманвае. Калі ў душы Касцёла, сям’і, супольнасці, чалавека ўсё бестурботна, у ёй няма Бога”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец заўважыў, што Бог з любові называе “цёплых” хрысціян, няшчаснымі і вартымі спачування. Яны лічаць сябе багатымі, але Бог хоча, каб яны пазналі іншае багацце, якое толькі можа даць Ён. І гэта не спакой, звязаны з упэўненасцю ва ўласнай дабрыні і слушнасці. Бог “заўсёды нясе крыж, заўсёды нясе буру, заўсёды нясе неўтаймаванасць у душу”, - падкрэсліў Францішак.

Паводле Папы, “цёплыя” вернікі “губляюць здольнасць сузірання, здольнасць бачыць вялікія і цудоўныя Божыя справы”. Таму Пан імкнецца абудзіць іх, хоча дапамагчы ім навярнуцца. Ён грукае ў іх дзверы і жадае, каб яны адчынілі Яму.

Напрыканцы сваёй гаміліі Францішак заклікаў вернікаў прасіць Святога Духа, навучыць чуць заклік Пана, адрозніваючы Яго запрашэнне ад іншых галасоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.