2016-11-13 11:41:00

Францішак: бедныя – сапраўднае багацце Касцёла


“Няхай Пан вызваліць нас ад мішуры, якая адцягвае ўвагу, вызваліць ад выгодаў і прывілегій, ад прызвязанасці да ўлады і хвалы, ад пастак духу гэтага свету”, - маліўся Святы Айцец 13 лістапада 2016 г. падчас Эўхарыстыі на заканчэнне сустрэчы бедных, бяздомных і сацыяльна адрынутых людзей, якая праходзіла ў Ватыкане ў рамках Юбілею Міласэрнасці.

У сваёй гаміліі Францішак заклікаў не паддавацца цікаўнасці, абумоўленай жаданнем ведаць, якім будзе канец свету і атрымліваць знакі. “Езусу такая цікаўнасць не падабаецца”, - сказаў ён і дадаў што, хто наследуе Хрыста, той “не слухае прарокаў няшчасцяў, марнасці гараскопаў, прадказанняў, якія нараджаюць страх, адрываючы ад таго, што важнае”. 

Сярод мноства галасоў, якія чуюцца, Езус заклікае адрозніваць тое, што паходзіць ад Яго ад таго, што паходзіць ад фальшывага духу. “Гэта важна: адрозніваць мудрае запрашэнне, якое Бог скіроўвае штодня ад шуму тых, хто выкарыстоўвае Божае імя для таго, каб пужаць, умацоўваць падзелы і страхі”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, калі Езус кажа аб сэнсе жыцця людзей, указвае ім на два “багацці”, якімі з’яўляюцца Бог і бліжні. “Гэта найбольшае дабро, якое трэба любіць. Усё іншае – неба, зямля, найпрыгашэйшыя рэчы, у тым ліку гэта базыліка – праміне; але мы не можам выключаць з жыцця Бога і іншых людзей”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што чалавечая асоба, якая была “пастаўленая Богам на вяршыню стварэння, часта выкідаецца на ўзбочыну, бо перавага аддаецца рэчам, што мінаюць”, а “гэта – непрымальна, бо чалавек – самае каштоўнае дабро ў вачах Бога”. 

“Небяспечна, што мы прызвычайваемся да гэтага выкідання. Трэба хвалявацца, калі сумленне становіцца нячулым і не звяртае ўвагі на пакутуючага побач брата ці сур’ёзныя праблемы свету, якія становяцца толькі ўжо чутымі раней рэфрэнамі ў сводцы навін”, - заўважыў Пантыфік.

Паводле Святога Айца гаворка ідзе пра сапраўдны “сімптом духоўнага склерозу”, калі “цікаўнасць засяроджваецца на рэчах, якая трэба вырабіць, а не на людзях, якіх трэба любіць”. 

“Так нараджаецца трагічная супярэчнасць нашага часу: чым больш развіваецца прагрэс і павялічваюцца магчымасці, што з’яўляецца дабром, тым больш узнікае людзей, якія не маюць да іх доступу. Гэта вялікая несправядлівасць, якая павінна хваляваць нас – нашмат больш чым веданне аб тым, калі і якім будзе канец свету. Нельга заставацца спакойнымі ў дому, у той час калі Лазар замярзае пад дзвярыма; няма міру ў доме таго, што адчувае сябе добра, калі адсутнічае справядлівасць у доме ўсіх”, - адзначыў Святы Айцец.
 
Напрыканцы сваёй гаміліі Папа заклікаў вернікаў, “адкрыць вочы на бліжняга, асабліва на забытага ці маргіналізаванага брата”. На яго думку, менавіта на іх павінна быць “напраўлена лупа Касцёла”. “Няхай Пан вызваліць нас напраўлення яе на саміх сябе. Няхай вызваліць ад мішуры, якая адцягвае нашу ўвагу, ад выгодаў і прывілегій, ад прызвязанасці да ўлады і хвалы, ад спакусаў духу гэтага свету. Наша Маці Касцёл глядзіць “асабліва на тую частку чалавецтва, якая пакутуе і плачыць, бо ведае, што гэтыя людзі прыналежаць да яе згодна з евангельскім правам”. У сілу евангельскага права, а таксама абавязку, нашым заданнем з’яўляецца клопат аб сапраўдным багацці, якім з’яўляюцца бедныя”, - падкрэсліў Пантыфік.

Юбілей бедных праходзіў у Ватыкане 11-13 лістапада 2016 г. У ім прымалі ўдзел каля 6 тыс. бяздомных і сацыяльна абяздоленых з розных краін Еўропы.








All the contents on this site are copyrighted ©.